Важкае слова Божае


Паўтары тысячы старонак, чатыры стагоддзі гісторыі, безліч таямніц —  самае вялікае, дарагое, прыгожае і загадкавае выданне Вялікага Княства Літоўскага аднавілі ў Беларусі. Факсіміле Берасцейскай Бібліі зрабіла Нацыянальная бібліятэка. Першыя 11 кніг адпраўляюцца на радзіму. Гэта падарунак Брэсту на 1000-годдзе. 

Выдавецкаму праекту папярэднічала вялікая даследчыцкая праца. Якое дачыненне да Берасцейскай Бібліі меў Жан Кальвін? Колькі на выданне ахвяраваў Мікалай Радзівіл Чорны? Спальванне Берасцейскай Бібліі – праўда ці міф? – пра гэта і не толькі нашаму радыё распавёў каардынатар і навуковы кіраўнік праекта па перавыданні, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. 


Берасцейская Біблія - першы ва ўсходняй Еўропе поўны пераклад Бібліі з моў арыгінала: іўрыту і грэчаскай. Праца над ім пачалася ў Пінчаве (зараз Польшча) у 1557 і доўжылася каля 6 гадоў. Да рэлігійнага стартапа далучыліся багасловы з усёй Еўропы, у тым ліку дэлегаваныя Жанам Кальвінам. Справа ішла марудна, пакуль да праекта не далучыўся найбагацейшы чалавек Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Чорны. Ахвяраваў фактычна ўсё, што меў. Па розных падліках—каля 10000 залатых дукатаў. Біблія пабачыла свет ў 1563 годзе ў яго друкарні ў Берасце. 
—Гэта сведчыць пра выключна багатыя інтэлектуальныя традыцыі і матэрыяльную культуру Берасця таго часу,—адзначае Алесь Суша. 
Кніга атрымалася фундаментальнай: 40 сантыментраў вышыня аркуша, амаль 1,5 тысячы старонак тэксту – сапраўдны фаліянт. Праз 9 гадоў Сымон Будны ў сваім больш кампактным выданні Бібліі напіша, што Берасцейскую не тое што насіць, вазіць цяжка!
 
 

Тыраж Берасцейскай Бібліі – 1000-2000 асобнікаў, яна дадрукоўвалася і шмат разоў перавыдавалася. Сёння ў свеце каля 130 асобнікаў у рознай ступені захаванасці. Лічбы абвяргаюць адну з легенд аб Берасцейскай бібліі:
—Як лічыцца, яна была знішчана сынамі Мікалая Радзівіла Чорнага—Мікалаем Крыштофам Радзівілам па мянушцы Сіротка і Юрыем Радзівілам. Яны прынялі каталіцтва і, як сцвярджалася, палілі кнігі бацькі-рэфарматара. Верагодна,  легенда ўзнікла ў рамантычнай літаратуры ХІХ стагоддзя. Яна падкрэслівала статус і бібліяграфічную каштоўнасць Берасцейскай Бібліі.
У Беларусі Алесь Суша налічыў 5 асобнікаў у рознай ступені захаванасці – 2 у дзяржаўных арганізацыях, 3 – у прыватных асоб. 
Факсіміле ж Берасцейскай Бібліі зроблена з кнігі, якая паходзіць са слуцкай бібліятэкі палітычнага і ваеннага дзеяча, а па сумяшчальніцтве стрыечнага ўнука Мікалая Радзівіла Чорнага Багуслава Радзівіла. Зараз выданне захоўваецца ў Тарунскім універсітэце (Польшча).


Спецыялісты паўгода шукалі магчымасці для факсімільнага аднаўлення Берасцейскай Бібліі. Нават сёння складана знайсці тэхніку, якая б не толькі магла надрукаваць аркушы такога фармату, але і захаваць усе асаблівасці арыгінала. У выніку кнігу надрукавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Факсіміле атрымалася нават крыху цяжэйшым за арыгінал - 15 кг. Пераплёт кожнага асобніка рабіўся ўручную. Папярэднічалі гэтаму сур’ёзныя навуковыя дэбаты: які матэрыял выбраць для аправы, якой скурай абцягваць, як упрыгожыць. 

Берасцейскую Біблію плануюць выпускаць камерцыйным тыражом. Любы ахвотны можа замовіць асобнік і аформіць на ўласны густ.

— Кніжны блок аднолькавы, друкуецца на адной тэхніцы, але пераплёт розны. Можна выбраць матэрыялы, элементы дэкору. Усё, як ў 16 стагоддзі, калі пераплёт не быў часткай выдання.


Помнік рэфармацыі, кніга, друкаваная лацінкаю на польскай мове, – Берасцейскую біблію доўгі час не ўспрымалі як частку беларускай культуры. Сёння стаўленне змянілася: бібліятэкі мараць аб гэтай кнізе, а Брэст зноў можна назваць горадам Бібліі. Тут адкрыўся помнік Берасцейскай Бібліі, ладзяцца тэматычныя экскурсіі, спектаклі расказваюць гісторыю старажытнай кнігі і яе стваральнікаў. Выпуск факсіміле таксама спрыяе цікавасці да Берасцейскай Бібліі, яе вяртанню ў нашу культуру. 

Фота сацыяльныя сеткі

Аўтар - Таццяна Гаргалык

 
Internetsendungen
Jetzt auf Sendung:
10.40 Musikzeit (DE)

Weiter auf Sendung:
11.00 Sociedad civil (ES)


Internetsendeliste
Satellitensendeliste (Einstellungen)
Shortwaveservice
briefe
 


Hallo liebes Radio und ALLES GUTE zum 34.Geburtstag der deutschen Redaktion. So lange kenne ich Radio Belarus noch gar nicht, aber wenn Du liebe Jana und liebe Elena die nächsten 34 Jahre hier weiterhin am Start seit, dann bin ich es als Hörer auch, versprochen!! :-) ) LG Dietmar

Antwort:

Lieber Dietmar,

vielen Dank für Deine Glückwünsche!!
Ich bin auch nicht vom Anfang an hier. Wollen wir trotzdem so viel wie möglich zusammen bleiben! ;)
Liebe Grüße und alles Gute
Jana


Frequenzen
 

FM-Sender und –Frequenzen:

Rakitniza - 106.2 MHz
Grodna - 95.7 MHz
Swislatsch - 104.4 MHz
Geraneni - 99.9 MHz
Braslaŭ - 106.6 MHz
Mjadsel’ - 102.0 MHz

Radioprogramme
 

29.12.2021 Program Block 1
29.12.2021 Program Block 2