Беларусь адзначае вялікае свята – Дзень Незалежнасці. Сёлета яно пазначана 75-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для беларусаў ваенныя падзеі нельга назваць далёкімі, бо ў кожнай сям’і памятаюць пра загінулых родных. У кожным раёне, населеным пункце краіны знойдуцца помнікі, брацкія магілы, музейныя экспазіцыі. Праз іх усенародная трагедыя і подзвіг становяцца блізкімі, зразумелымі і відавочнымі. Гісторыю пра энтузіяста, які здолеў аб’яднаць аднадумцаў і захаваць памяць пра абаронцаў Айчыны, – чытайце і слухайце ў матэрыяле міжнароднага радыё “Беларусь”.
Мемарыял на плошчы Бессмяротнасці ў г. Стоўбцы
Аграгарадок Стары Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў ваенны час быў вёскай, куды захопнікі прыйшлі ўжо ў першыя жахлівыя дні. Чатыры гады Стаўбцоўшчына знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. На яе тэрыторыі ішлі баі. У тыле ворага дзейнічалі партызаны. Немцы знішчылі тысячы людзей у гета. Вызваленне адбылося 2 ліпеня 1944-га сіламі 4-га гвардзейскага кавалерыйскага Кубанскага корпуса. Змагаліся ў ім салдаты з усяго Савецкага Саюза, імёны загінуўшых сёння ўвекавечаны на “сцяне памяці” ў раённым цэнтры. Спісы ахвяр у значнай ступені пашырыліся дзякуючы апантанай дзейнасці мясцовага настаўніка гісторыі і краязнаўцы Івана Шавеля.
Імёны загінуўшых на Стаўбцоўшчыне, увекавечаныя на плошчы Бессмяротнасці
“Няма безыменных герояў”
Іван Шавель прыехаў працаваць на Стаўбцоўшчыну, у Старасвержанскую сярэднюю школу, у 1947 годзе. На новым месцы ён, ураджэнец суседняга Уздзенскага раёна, пачаў вывучаць гісторыю. На дапамогу паклікаў вучняў, стварыўшы краязнаўчы гурток. Школьнікі шукалі экспанаты, якія з часам стварылі дыхтоўную калекцыю.
— Ваенная тэма бацьку была асабліва блізкай, – тлумачыць сын, таксама настаўнік гісторыі, Яўген Шавель. – На яго прыйшла “пахаронка” як на загінуўшага падчас абароны адной з вёсак у Польшчы. Нямецкі кулямётчык у апошні момант скіраваў агонь у іншы бок, і так ён цудам выратаваўся, аднак трапіў на непрацяглы час у палон. А пасля да заканчэння вайны ваяваў у радах Савецкай Арміі.
— На ўрокі да Івана Андрэевіча дзеці ішлі з пытаннямі: ён мог цікава гаварыць на любую тэму, аднак быў патрабавальным і прынцыповым, цалкам аддаваў сябе і далучаў да сваіх захапленняў нас. Напрыклад, мы хадзілі да аднавяскоўцаў, запісвалі ўспаміны. Было нават заданне такое: занатаваць успаміны сведкаў ваенных падзей. Я, да прыкладу, гутарыла са сваім бацькам, - успамінае Ніна Аляшкевіч.
Пасля вайны, калі яшчэ не былі створаны архівы і напісаны падручнікі гісторыі, замест навуковых інстытутаў працавалі апантаныя людзі, краязнаўцы. У вёсцы Стары Свержань такім чалавекам стаў настаўнік Іван Шавель. Вучні школы аб’ядноўваліся ў так званыя пошукавыя групы і станавіліся “чырвонымі следапытамі”. Пасля ўрокаў удзельнікі краязнаўчага гуртка збіраліся на пасяджэнні і, самае цікавае, пісалі лісты верагодным сваякам тых, хто загінуў падчас вызвалення Стаўбцоўшчыны летам 1944-га. Дзякуючы Івану Шавелю і яго камандзе на помніку ў гонар герояў-вызваліцеляў у раённым цэнтры з’явіліся 136 прозвішчаў салдат. Вясковы настаўнік здолеў прайсці ўсе інстанцыі і атрымаць звесткі з закрытага на той час Архіва Міністэрства абароны СССР у горадзе Падольску Маскоўскай вобласці.
Дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Аляшкевіч паказвае справаздачу вучняў-краязнаўцаў за 1970-1971 гг.
Выпускнікі 1966 г. – піянеры краязнаўства ў в. Стары
— Вялікая перапіска вялася ў межах усяго Савецкага Саюза. На кожнага загінуўшага высылалася ў населены пункт – яго даваеннае месца жыхарства – некалькі канвертаў: адзін – на імя верагодных свякоў, другі – у школу і трэці – на імя адной з мясцовых арганізацый, –тлумачыць Яўген Шавель.
Тагачасныя школьнікі з нецярпеннем чакалі паштальёна: “Адкуль сёння прыляціць вестка?”. Вучні і настаўнік знайшлі 80 адрасатаў – сваякоў, якія да таго часу не ведалі, дзе пахаваны іх сын, брат, бацька… Дзякуючы гэтай інфармацыі сем’і загінуўшых змаглі ў тым ліку атрымаць грашовыя выплаты. А некаторыя нават прыязджалі на Стаўбцоўшчыну, каб пакланіцца гэтай зямлі і пакінуць пра сябе памяць: напрыклад, на плошчы Бессмяротнасці ў райцэнтры, а таксама ў школьным двары былі пасаджаны сібірскія кедры. Калі дрэвы да сёння не захаваліся, то лісты і паштоўкі ад удзячных адрасатаў можна знайсці ў школьнай экспазіцыі.
“Нам пішуць”: альбом з лістамі, якія атрымлівалі “чырвоныя следапыты”
Музей на малой радзіме
Іван Шавель разам са сваімі вучнямі, акрамя ваенных сведчанняў, папаўняў экспанатамі раздзелы пра археалогію, этнаграфію гэтага краю. Напрыклад, з першабытнай стаянкі, выяўленай на тэрыторыі раёна, у школьную калекцыю трапіў зуб маманта. Калі ж у савецкі час была закрыта мясцовая царква, то каштоўны царкоўны архіў захаваўся менавіта дзякуючы краязнаўцу Івану Шавелю. Натуральна, былі ў экспазіцыі і каларытныя атрыбуты беларускай вёскі 20 стагоддзя, рэканструяваны побыт сялянскай хаты, прадстаўлены ткацкі станок.
— Такім людзям – нізкі паклон. Яны – наша мінулае і будучае! І, калі жыве памяць, то жывём мы і наша краіна, – рэзюмуе дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Аляшкевіч.
FM-Sender und –Frequenzen:
Rakitniza - 106.2 MHz
Grodna - 95.7 MHz
Swislatsch - 104.4 MHz
Geraneni - 99.9 MHz
Braslaŭ - 106.6 MHz
Mjadsel’ - 102.0 MHz