Музей беларускага Палесся (Фота: virtualbrest.by)
Міжнароднае радыё “Беларусь” працягвае расказваць пра Пінск – культурную сталіцу нашай краіны ў гэтым годзе. Пінск – адзін з самых старажытных гарадоў. Яго ўпамінанне ў “Аповесці мінулых гадоў” датуецца 1097 годам. Нездарма і не выпадкова горад мае неафіцыйны, але агульнапрызнаны статус – сталіца беларускага Палесся. Сёння наша ўвага скіравана на аб’ект, з якога звычайна пачынаецца знаёмства турыста з горадам. Музей у Пінску размяшчаецца ў самым сэрцы горада, у гістарычным будынку XVII стагоддзя, і мае адпаведную назву – Музей беларускага Палесся. Што хаваецца за двухметровымі мурамі, якія экспанаты ў фондах асабліва каштоўныя, праз якія гістарычныя варункі склалася аблічча горада? Першым, чым ехаць у Пінск, раім пачытаць і паслухаць расповед намесніка дырэктара па навуковай рабоце Музея беларускага Палесся Ларысы Кулагінай.
У 1924 годзе прынята пастанова Польскага краязнаўчага таварыства аб стварэнні музея, а першая экспазіцыя пачала дзейнічаць у 1926-м. На той час Пінск уваходзіў у склад Польшчы, быў цэнтрам павета. Музей беларускага Палесся адзін са старэйшых у Беларусі, сёлета мы святкуем яго 95-годдзе. Першым кіраўніком музея быў выкладчык пінскай гімназіі Раман Гарашкевіч.
Збор экспанатаў у той час вёўся па чатырох кірунках: гісторыя, археалогія, этнаграфія, прырода. Першая экспазіцыя ўключала больш за 100 экспанатаў. Паступова фонды музея павялічваліся: акрамя супрацоўнікаў установы, мясцовыя артэфакты адшуквалі навучэнцы гімназіі, далучаліся шматлікія жыхары горада і ваколіцаў.
Калегіум езуітаў, Пінск, 19 ст (Фота: media-polesye.by)
У гістарычным будынку былога езуіцкага калегіума Музей беларускага Палесся знаходзіцца з 1996 года. Гэты будынак – помнік архітэктуры XVII стагоддзя – да 1950-х гг. уваходзіў у комплекс езуіцкага кляштара, які з’яўляўся адной з буйнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім рэзідэнцыяй езуітаў. Як навучальная ўстанова калегіум выкарыстоўваўся цягам стагоддзя.
Інтэр’ер Музея беларускага Палесся (Фота: holiday.by)
Сёння Музей беларускага Палесся займае два паверхі былога езуіцкага калегіума. Наведвальнікі трапляюць у экспазіцыйныя залы “Гісторыя Піншчыны ад старажытнасці да канца ХІХ ст.”, “Этнаграфія рэгіёна”, “Гарадскі побыт першай паловы ХХ ст.”, “Прырода Палесся”, “Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Рускі жывапіс канца ХІХ – пачатку ХХ стст.”, “Беларускі жывапіс ХХ ст.”.
Фрагмент экспазіцыі “Жывёльны свет Палесся” (Фота: pinsk.gov.by)
Сярод найбольш цікавых экспанатаў музея – пячатка віслая царкоўная ХІ ст., якая прымацоўвалася да дзяржаўных або царкоўных дакументаў і належала Кіеўскаму князю Ізяславу Яраславічу. З аднаго боку гэтай пячаткі вышчарблена выява святога Дзмітрыя, з другога – абраз Божай Маці. Цікава, што пячатка была знойдзена падчас раскопак у цэнтральный частцы горада. У 1961 годзе, калі капалі катлаван пад будоўлю шматпавярховых жылых дамоў, на круглы металічны прадмет звярнуў увагу адзін з рабочых. Напачатку было цяжка зразумець, што гэта такое. Слаба акрэсленыя выявы на пячатцы расшыфроўвалі супрацоўнікі Дзяржаўнага Эрмітажа.
Вельбарская чаша (Фота: ont.by)
У пастаяннай экспазіцыі “Гісторыя Піншчыны” прадстаўлена чаша вельбарская керамічная з арнаментам (І–ІV стст. н. э.). Вельбарская культура фарміравалася старажытнымі германцамі ў Польскім Памор’і. У гэтай жа экспазіцыі прадстаўлена булава каменная (мяжа ІІІ–ІІ тыс. да н. э.) , дзе з боку ёсць магічныя знакі. Яна была знойдзена ў пяску падчас будаўніцтва мясакамбіната ў Пінску, выпадковая знаходка!
Звярну ўвагу на тураўскі саркафаг (ХІІ ст.), Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. (захоўваецца выданне ХVІІ ст., што выйшла ў горадзе Вільне на польскай мове).
FM-transmisores y frecuencias:
Rakitnitsa - 106.2 МHz
Grodno - 95.7 МHz
Svisloch - 104.4 МHz
Gueraneny - 99.9 МHz
Braslav - 106.6 МHz
Myadel - 102.0 МHz
Radiodifusión por satélite:
ver parámetros de recepción aquí