Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча (рэпартаж)


 

«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш». Аўтар гэтых радкоў і сам прытрымліваўся своеасаблівай парады: пісаў так, як не пісаў ніхто. І таму зараз – яго імя ведаюць і шануюць, яго творы перакладаюць і выдаюць, але самае галоўнае – чытаюць і любяць. Моладзь, дарослыя, дзеці, нават людзі, якія не цікавяцца беларускай літаратурай...

 

Сёлета ў лістападзе Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 год. І напярэдадні гэтага юбілею прапаную наведаць музей, што знаходзіцца ў любімым горадзе пісьменніка: «Орша – мая спрадвечная маці». Містыка пачынаецца літаральна на ганку будынка. Справа ў тым, што з 1925 года тут размяшчаўся радзільны дом, а праз 5 гадоў тут і з'явіўся на свет Уладзімір Караткевіч, хлопчык з рознакаляровымі вачыма. Пазней сябры жартавалі: адно вока смяецца, а другое сумуе. Зараз у доме па вуліцы Леніна – музей, які раскажа пра жыццевы шлях ад немаўляці да сталага, прызнанага і вядомага пісьменніка. Кажуць, што калісьці пад дахам будынка ад дажджу хаваўся юны Уладзімір разам са сваёй сяброўкай. Тады хлопчык сказаў, што стане вядомым чалавекам і тут будзе музей. Спраўдзілася?..

 

«Чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя»…


 

«Караткевіч – зямляк усім беларусам. Орша, Рагачоўшчына, Мінск… І ўкраінцы кажуць, што калі ж ён вучыўся ў Кіеве, тады і наш зямляк таксама. Над усімі намі ззяе зорачка Уладзіміра Караткевіча» – так сустрэла гасцей загадчыца музея Ліна Гатоўская. На гэтым тэма астралогіі не канчаецца, бо, лічыцца нібыта пад сузор'ем Льва нараджаюцца цары і каралі, а вядомы метэорны паток Леаніды ззяе зяленым светам у лістападзе. Дарэчы, адзін з твораў Уладзіміра Караткевіча - «Леаніды не вернуцца да зямлі»…

 

З дапамогай свайго сябра Уладзімір Караткевіч стварыў радавод сям'і, які знаходзіцца ў музеі побач з гербам «Корвін».

 

 

Ёсць сярод экспанатаў і тыя рэчы, якія выклікаюць усмешку. Напрыклад, малюнкі маленькага Уладзіміра. Увогуле, хлопчык быў вельмі таленавіты, рана навучыўся чытаць, меў музыкальны слых, але, па ўласным прызнанні, лянота таксама прысутнічала ў характары. Добрае пачуцце гумару разам з мастацкімі здольнасцямі – і вось, калі ласка, сярод лістоў да цеткі Жэні знаходзім малюнак трох парсючкоў. Справа ў тым, што раней Караткевіч перахварэў на свінку і зрабіў такі жартаўлівы аўтапартрэт.

 

У кутку музея – рабочы кабінет Уладзіміра Караткевіча. Кажуць, што ён быў чалавекам вельмі педантычным, на стале – ідэальны парадак, аркуш паперы, ручка паркер і попельніца. А вось на тэлевізары – мяккая цацка, іх вельмі любіў пісьменнік. На крэсле – модны вельветавы пінжак, Уладзімір Караткевіч любіў апранацца добра.


 

Лісты да сяброў, жартаўлівыя віншаванні, фотаздымкі, атэстаты, творы ў розных выданнях. Музей напоўнены гэтымі рэчамі, іх хочацца разгледзець, бо кожны экспанат – маленькі штрых да агульнага партрэта пісьменніка, з некаторымі прадметамі звязаныя цікавыя гісторыі. Напрыклад, сябры пыталіся ў Караткевіча, навошта яму электронны гадзіннік, можа, лепш набыць звычайны? Адказ такі: «Memento Mori». І адразу ў памяці з'яўляюцца радкі з «Дзікага палявання караля Стаха»: «кажуць, што доўгiя гады лёс дае звычайна дурням, каб яны папоўнiлi разумовы недахоп багатым вопытам».

 

Незвычайныя шахматы, кніжная шафа, у якой пісьменнік, напэўна, і з заплюшчанымі вачыма мог знайсці патрэбную кнігу. Сярод экспанатаў няма выпадковых рэчаў: чаму на сцяне партрэт Каліноўскага? Гэта ж любімая гістарычная асоба Караткевіча, сваіх герояў ён надзяляў рысамі вядомага паўстанца, а ў дзень смерці Кастуся Каліноўскага пісьменнік запальваў свечку… Пра ідылію сямейнага жыцця Уладзіміра Караткевіча раскажуць фотаздымкі; сяброўскія сустрэчы і вандроўкі таксама захаваў для памяці чыйсьці ўдачлівы фотаапарат.


 

Супрацоўнікі музея – людзі апантаныя сваёй справай, на кожны ваш крок па экспазіцыйным маршруце ў іх знойдзецца некалькі баек з жыцця Уладзіміра Караткевіча. Напрыклад, калі ў Мінск прыязджаў Вольф Месінг з канцэртам сярод іншых містычных нумароў значыўся класічны «пошук чалавека ў вялізнай зале». Жонка Караткевіча папрасіла знайсці мужа (той жа паспеў памяняцца месцамі з хлопчыкам, які сядзеў побач). Тым не менш, Месінг заданне выканаў і сказаў наконт пісьменніка, што побач з ім знаходзіцца геній і яго трэба берагчы…

 

Інтэрактыўная частка экскурсіі – музычная. Наведвальнікі спяваюць любую песню на беларускай мове, таму рэпертуар падрыхтуйце загадзя. Падкажу толькі, што Уладзімір Караткевіч вельмі любіў беларускія народныя песні і, як адзначаюць сведкі, пераспяваць яго не змог не адзін этнограф…

 

Вераніка Барысёнак


 
transmisje internetowe
Teraz odtwarzane:
15.40 Together (EN)

Dalej:
16.00 News (EN)


Niezawodny Internet Broadcasting
Niezawodny nadawanie
częstotliwości
 

FM-nadajniki i częstotliwości:
Rakitnica - 106.2 MHz
Grodno - 95.7 MHz
Świsłocz - 104.4 MHz
Geraniony - 99.9 MHz
Brasław - 106.6 MHz
Miadzioł102.0 MHz

Audycje
 

24.07.25 - 17.00
24.07.25 - 18.00