«Няма “маёй віны”, але ёсць нямецкая, і я хачу яе раздзяліць». Як валанцёры з Германіі дапамагаюць былым вязням нацызму ў Мінску


 

Трое дзяўчат з Германіі Эвелін Бродт, Мая Лібман і Рыта Шпарвасэр у верасні прыехалі ў Беларусь. У свае 18 яны вырашылі ўзяць так званы «gap year» – перапынак на год паміж заканчэннем школы і паступленнем ва ўніверсітэт. Валанцёркі жывуць у Мінску. Акрамя работы з гістарычнымі матэрыяламі, экскурсіямі і знаёмствамі, у іх раскладзе дапамога тым, хто пацярпеў ад нацызму падчас Другой сусветнай вайны.

Як сучасная моладзь Германіі пераасэнсоўвае гісторыю, што яе матывуе паглыбляцца ў ваенную тэму і што яна адшукала ў Мінску? Міжнароднае радыё «Беларусь» паслухала расповед.


Валанцёркі з Германіі Мая Лібман, Рыта Шпарвасэр і Эвелін Бродт

 

Пра сябе

Эвелін. Мой родны горад – маленькі Мёкмюль, за гадзіну язды да Штутгарта. Там я скончыла школу і зразумела: хачу ўзяць «сацыяльны» перапынак ад шматгадзіннай вучобы. Захацелася праверыць на сабе, што такое дапамагаць людзям. Так я стала валанцёркай. Дома ў нас гучыць не толькі нямецкая, але і руская мова. Праз вайну некаторыя члены нашай сям’і пэўны час жылі ў Казахстане.

Рыта. За маім нямецкім прозвішчам таксама хаваецца гісторыя Усходняй Еўропы. Мае продкі жылі ў Расіі, Казахстане, ва Украіне. Бацькі нарадзіліся ў Казахстане, а жывём мы побач з нямецка-галандскай мяжой, у горадзе Гранау. Мінск – найбольш блізкае да маёй гістарычнай радзімы месца, дзе мне давялося пабываць. Тут я развіваю сваё валоданне рускай мовай, знаёмлюся з іншай культурай і раблю тое, што мне падабаецца, дапамагаю людзям.

Мая. Мая матывацыя – рабіць штосьці карыснае ў кантэксце гісторыі, звязанай з ахвярамі нацысцкага рэжыму. Гэта акурат тое, чым мы займаемся ў Мінску. Сюды я прыехала з горада Гале, які раней адносіўся да ГДР. Мае бацькі – з Германіі. І хоць мы разам шмат падарожнічаем, такі досвед – новы этап у маім жыцці.


Эвелін Бродт

 

Пра валанцёрскі год

Мая. Дома мы ўсе падалі заяўку ў арганізацыю «Акцыя прымірэння дзеля міру» (ням. ASF). Яе дзейнасць скіравана на вывучэнне гісторыі нацызму і на тое, каб спрыяць прымірэнню і змагацца супраць расізму, дыскрымінацыі, сацыяльнай ізаляцыі. Ажыццяўленню гэтай мэты і служыць валанцёрскі рух. Штогод у краіны, якія пацярпелі ад нямецкай акупацыі, адпраўляюцца больш за сотню валанцёраў. Сёлета нас 131 чалавек.

Эвелін. Патэнцыйны валанцёр робіць грашовы ўнёсак – каля 1000 еўра. Каб сабраць гэту суму, я падпрацоўвала пасля ўрокаў у мясцовым рэстаране. Зараз арганізацыя патрымлівае нас стыпендыяй і тым, што аплачвае жыллё ў Мінску. Адбор не прадугледжвае спецыяльных ведаў і падрыхтоўкі, аднак неабходна прайсці субяседаванне. Мяркую, што сярод важных аспектаў, – здольнасць учарашняга школьніка паехаць з дому на працяглы час, цікавасць да гісторыі, урэшце, псіхічная ўраўнаважанасць…

Рыта. Перад выездам у Мінск мы наведалі два семінары. У Берліне нас забяспечылі неабходнай суправаджальнай інфармацыяй, акрэслілі верагодныя праблемы. У Кіеве прайшлі так званыя «арыентацыйныя дні»: нас пазнаёмілі з гісторыяй рэгіёна, далі некалькі моўных урокаў і вызначылі план нашага знаходжання. Мяркуецца, што пройдуць семінары на працягу валанцёрскага года і ў канцы яго, каб падсумаваць зробленае.

Мая. Каардынуючай арганізацыяй у Мінску выступае Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне». З намі трымае сувязь ментар, з яго дапамогай вырашаем побытавыя пытанні, атрымліваем інфармацыю пра заданні і мерапрыемствы, а таксама кантакты асоб, якім неабходна наша дапамога. Дарэчы, у Мінск усе трое мы трапілі выпадкова. Кожная з нас думала пра Усходнюю Еўропу, найперш пра Расію, аднак Беларусь, у прыватнасці Мінск, спалучыла ў сабе такія важныя аспекты, як камунікацыя са сведкамі Халакосту, знаёмства з мясцінамі, дзе адлюстраваны след нацызму, вывучэнне гісторыі на прыкладзе лёсаў людзей.

Рыта. Ужо сёння ў нас склалася добрая каманда. Разам мы досыць паспяхова спраўляемся з моўным бар’ерам. Мая ўмее бегла чытаць на кірыліцы, мы ж з Эвелін вучымся аператыўна перакладаць. Пра выбар на карысць Мінска не пашкадавалі.

 

Пра валанцёрскія будні

Мая. Натуральна, мы не штатныя супрацоўнікі, але маем штодзённую працу. Па-першае, раз на тыдзень працуем з былымі вязнямі нацысцкіх канцлагераў. Гэта нашы бабулі і дзядулі – так мы іх называем. Зараз я працую з бабуляй і дзядулем, Рыта наведвае дзвюх бабуль, Эвелін – адну бабулю. З часам іх у нас стане больш.

Эвелін. Разам з Маяй мы раз на тыдзень едзем у Бараўляны, каб дапамагаць пацыентам Дзіцячага анкалагічнага цэнтра. Бываем у грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім», дзе размаўляем з хворымі на дэменцыю, імкнёмся падбадзёрыць іх нечым актыўным.

Рыта. Таксама наведваем Гістарычную майстэрню імя Леаніда Левіна. Там вывучаюць ваеннае мінулае з пункту гледжання яго ахвяр, там жа адбываюцца сустрэчы са сведкамі нацысцкіх злачынстваў, прадугледжаны шэраг актыўнасцей для іх. Напрыклад, мы пабывалі на ўроку нямецкай мовы, наведалі гурток па рукадзеллі. Часам нам даручаюць арганізацыйныя пытанні (падрыхтаваць спіс удзельнікаў мерапрыемства, расставіць мэблю і г.д.). Яны не такія значныя, але я вырашаю іх з задавальненнем.


Сутрэча са сведкамі вайны ў Гістарычнай майстэрні; фота з асабістага архіва валанцёрак


Мая. Мы ўжо наведалі варкшоп на тэму нямецкай прапаганды на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Для мяне гэта інфармацыя актуальная.

Рыта. У нас была экскурсія з беларускім гісторыкам Кузьмой Козакам на чыгуначную станцыю «Інстытут культуры», куды раней прыбывалі дэпартаваныя яўрэі. Ён, звяртаючыся: «Паглядзіце сюды, тут гістарычнае сведчанне!», вельмі даступна расказаў, як былі ўладкаваны вуліцы, па якіх хадзілі вязні, як яны жылі і г.д. У нашых бліжэйшых планах – вывучыць тэрыторыю былога Мінскага гета, пабываць у былым канцлагеры ў Трасцянцы.

 

Пра ваенны досвед сям’і

Эвелін. Адзін з членаў маёй сям’і, 93-гадовы прадзядуля, перажыў Другую сусветную вайну ў цалкам свядомым узросце, аднак сёння для яго гэта тэма – табу. Па гэтай прычыне мае веды надзвычай сціплыя. Яго, жыхара Германіі, шахцёра, інтэрніравалі ў Расію, затым – у Казахстан, адкуль ён у 90-х гадах мінулага стагоддзя разам са сваімі дзецьмі і іх сем’ямі вярнуўся на гістарычную радзіму. У Казахстане пражылі два пакаленні майго роду. Мы вельмі мала ведаем пра гэты час, бо прадзядуля маўчыць, не расказвае.

Рыта. Пазнаю сітуацыю Эвелін і ў дачыненні да маёй сям’і. Дома не прынята гаварыць пра гэта дэталёва. З дзяцінства ў памяці засталіся эпізоды, калі дзядуля спрабаваў штосьці распавесці пра наша ваеннае мінулае, а бабуля ў гэты час пачынала абмяркоўваць са мной меню на вячэру… Натуральна, мяне гэта збівала з панталыку. Атрымліваецца, што часам я ведаю факт, але не маю падрабязнасцей, да каго з маіх сваякоў ён адносіцца. Нядаўна прыйшла да мамы і папрасіла падсумаваць усё, што вядома пра ваенную гісторыю нашай сям’і.

Мае продкі ў часы Кацярыны ІІ пераехалі з Германіі ў Расію, каб працаваць на зямлі. Яны былі фермерамі. Наколькі вядома, першапачаткова аселі на тэрыторыі сучаснай Украіны. З пачаткам Другой сусветнай вайны мужчынская палова сям’і была мабілізавана, а жанчын і дзяцей адправілі на поўнач Расіі. Яны былі вымушаны там жыць да смерці Сталіна, а пасля, атрымаўшы пашпарты, змаглі перасяліцца ў Казахстан (шукалі больш цёплы клімат і прыдатныя ўмовы для жыцця) і пазней вярнуцца ў Германію. Гісторыя маёй сям’і атрымліваецца заблытанай, таму звычайна размова пераводзіцца на тое, што «была вайна, гэта дрэнна». У мяне няма асабістых адчуванняў і перажыванняў адносна маіх продкаў.

Можа, з-за таго, што мы не маем персанальнай сямейнай гісторыі, мама аднойчы сказала: «Мы мусім пабываць у былых канцлагерах, убачыць і ўсвядоміць». Такім чынам мы пабывалі ў Мюнхене, у канцлагеры ў Дахау. Экскурсія была з аўдыягідам. Амаль нічога не казалі адзін аднаму: слухалі, глядзелі… Адразу імкнуліся зразумець інфармацыю, пасля – адчуць гэта месца. Ужо дома абмяркоўвалі ўражанні, прагаворвалі высновы.


Мая Лібман

 

Мая. Ведаю, што мае прадзеды па лініі маці і бацькі былі на вайне, былі вымушаны ваяваць. І ім пашчасціла вярнуцца. Іншыя члены сям’і жылі ў сельскай мясцовасці, на ферме. Гэта было вялікай перавагай – яны пазбегнулі голаду і нават самастойна выраблялі гаспадарчыя рэчы, тканіну. Ад прадзядулі і прабабулі чула агульныя факты пра карткі на ежу, пра тое, што людзі ішлі на вайну і – не вярталіся. Ніхто з маіх сваякоў не стаў ахвярай Халакосту або іншых нацысцкіх злачынстваў, аднак я думаю, што многія немцы, звычайнае насельніцтва, былі ў той ці іншай меры ахвярамі. У гэтым сэнсе кожны атрымаў траўму.

 

Пра вывучэнне нацызму ў школьнай праграме

Эвелін. Мы пачынаем вывучаць часы панавання нацыянал-сацыялістычнай партыі ў 8 класе, калі нам 14–15 год, пасля паглыбляемся ў гэты перыяд гісторыі ў выпускных 11 і 12 класах. Усе вучні нашай школы наведваюць Дахау – найбліжэйшую ад нас тэрыторыю, якая калісьці была канцлагерам. Гэта адзін з метадаў адукацыі і выхавання. Ад наведвання запомніліся пераважна не факты, а ўражанні, эмоцыі.

Мая. У нашай свядомасці адбілася своеасбалівая гістарычная шкала, даты важных падзей: напад на Польшчу, напад на СССР, буйныя бітвы і г. д. Успамінаю добрых настаўнікаў гісторыі ў сваёй школе. 16–17-гадовым вучням прапанавалі наведаць Аўшвіц па ўласным жаданні. Я паехала. Для нас арганізавалі падрабязную экскурсію па ўсіх аб’ектах і вельмі якасную псіхалагічную падтрымку. Думаю, з гэтага і пачалася мая зацікаўленасць гісторыяй. Маёй першай акадэмічнай работай было міні-даследаванне пра Адольфа Эйхмана, адказнага за масавае знішчэнне яўрэяў.

Рыта. Пра вайну мы размаўлялі і на ўроках педагогікі. Настаўніца распавядала нам пра выхаванне дзяцей у часы вермахта. Я імкнулася зразумець і не магла, чаму шмат людзей паверылі і слепа пайшлі за «правадыром». Іншае вымярэнне! Аднак мы ніколі не сустракаліся з ветэранамі вайны – мілітарысцкі аспект у адукацыйным працэсе адсутнічае. Яшчэ адна важная частка ў вывучэнні гісторыі нацызму – тыднёвая паездка разам з класам у Берлін, дзе мы наведвалі аб’екты, установы, звязаныя з вайной. Адзначу непрадузятасць і незаідэалагізаванасць настаўнікаў, якія схілялі нас да роздуму і рэфлексіі. Тэма гэта эмацыянальная, але падавалася без эмацыянальнай афарбоўкі.


Пра камунікацыю са сведкамі вайны

Эвелін. Многія кажуць – гэта было даўно. Аднак у гістарычным вымярэнні гэта вельмі блізкія падзеі – мы яшчэ можам гаварыць са сведкамі, бачыць жывых людзей! Аднак трэба спяшацца, бо гэты час калісьці пройдзе.

Мая. За сваё школьнае навучанне я ніколі не сустракалася з ахвярамі нацызму ці іх сваякамі. Зрэдзьчас у нас былі сустрэчы са сталымі людзьмі, якія ўспаміналі пра ваенную Германію, Гітлера, голад, нацыстаў.

У Мінску ў нас ёсць магчымасць сустракацца са сведкамі вайны ў розных фарматах і абставінах. У Гістарычнай майстэрні падчас сустрэчы «Дыялог трох пакаленняў» я выпадкова апынулася за адным сталом з жанчынай, якая ў ваенныя гады была вывезена на прымусовыя працы ў мой родны горад.

Так, я заўсёды ведала пра тое, што прымусовыя працы былі на ўсёй тэрыторыі Германіі, аднак не магла ўявіць, што гэта адбывалася ў маім горадзе, непасрэдна там, дзе я сёння хаджу. І калі табе кажуць: «Я там была ў Другую сусветную…», то цяжка выдыхаеш. Яшчэ адна сустрэча была пабудавана ў форме дыялогу з былымі вязнямі. І гэта былі шчырыя адказы на мае пытанні пра лёсы сем’яў пасля таго, як яны вярнуліся дадому, пра тое, што дапамагло ім справіцца з траўматычным досведам.

Рыта. Я выконвала ролю фатографа на імпрэзе, якая аб’яднала беларускіх школьнікаў і студэнтаў з былымі вязнямі. Каля дзясятка чалавек, якія перажылі канцлагеры, выступілі з маналогам. Мне было цікава проста іх слухаць, не перапытваць і нават не ўдакладняць – слухаць і адчуваць, як яны гэта запомнілі, што для іх важна, што яны хочуць гэтым сказаць. Такім чынам я паглядзела на сітуацыю іх вачыма.


У Гістарычнай майстэрні на сустрэчы з былымі вязнямі; фота з асабістага архіва валанцёрак

 

Пра асэнсаванне ваеннага мінулага ў нямецкім грамадстве

 Мая. Лічу, што Германія змянілася з тых часоў на 180 градусаў: абсалютна новая культура і тып грамадства. Гісторыя стала жорсткім настаўнікам для жыхароў нашай краіны. Мінулае адклалася ў падсвядомасці кожнага і да сёння аказвае моцны ўплыў, прычым, падаецца, нават на звычайныя штодзённыя рухі і рашэнні, на стаўленне да іншых людзей. На мой погляд, гэта падобна на ўсеагульную і глыбокую ўсвядомленасць.

 Прасіць прабачэння за тое, што здарылася, – гэта, падаецца, рыса нямецкай культуры. Узяць хаця б нашу арганізацыю (ASF). Яна створана для таго, каб зняць існуючыя крыўды, змякчыць віну, не дапусціць у грамадстве прапаганды. Адказнасць за гэта – на нямецкай дзяржаве, і, лічу, што жыхары нашай краіны досыць добра з гэтай задачай спраўляюцца. Культура памяці «ніколі зноў» моцна працуе ў нашым грамадстве. Сёння я ганаруся тым, як Германія змагла адрэфлексіраваць і выбрацца з такой страшнай сітуацыі, досыць хутка вярнуцца да паўнавартаснага і канструктыўнага жыцця. Гэта прыклад для сусветнай супольнасці, варты пераймання.

Рыта. Памятаю з дзяцінства рэдкія кадры з ваенных фільмаў у нашым доме. Мама заўсёды казала: «Я не магу глядзець гэта кіно, выключайце». Там былі ворагі – немцы і героі з моцным эмацыянальным і псіхалагічным націскам. Такім чынам савецкая прапаганда імкнулася аб’яднаць свой народ, нацысты ж прапагандавалі ўсеагульнае зло з яскрава выражаным расізмам.

Мая. Па ўсёй Германіі ёсць так званыя «камяні спатыкання», таксама як і ў маім горадзе Гале. У нас нават быў школьны праект, калі мы чысцілі гэтыя пліткі, рабілі іх зноў бліскучымі. Якія яшчэ мемарыялы ёсць у Гале? Я нават не ўзгадаю, хіба Берлін з яго манументамі. Для мяне не маюць такой значнасці мемарыялы і помнікі (не думаю, што яны павінны быць у кожным населеным пункце), як гістарычная адукацыя.

 

Пра асабістае разуменне вайны ў 18 гадоў

Мая. Я шчаслівая, што жыву ў мірны час. Вайна, безумоўна, – пекла і – частка маёй нямецкай ідэнтычнасці. Тая частка, ад якой я не магу адмовіцца. Я захапляюся сваімі продкамі, якія пераадолелі абставіны і змаглі даць жыццё новаму пакаленню.

Рыта. З-за вайны Германія такая, якая яна ёсць сёння. Без вайны не было б столькі зроблена, не было б такога клопату, імкнення дапамагаць. У мяне няма паняцця «мая віна», але ёсць паняцце «нямецкая віна», і я хацела б яе раздзяліць. Я разумею, што для гэтага мне патрэбна дапамагаць ахвярам, былым вязням. Што такое вайна?.. Нічога добрага. Я не магу выказаць гэта словамі.


Рыта Шпарвасэр

 

Пра ўспрыманне германцаў у свеце

Мая. Калі была ў Аўшвіцы, я зразумела, што нават там большасць людзей не ганьбяць сённяшніх жыхароў Германіі, але, разам з тым, я адчувала сябе няёмка, некамфортна. Там ёсць пакой, дзе на маніторах нацысцкія лозунгі і прамовы адлюстраваны ў перакладзе па-кітайску, па-польску, па-руску… А я стаю і разумею: мне пераклад не патрэбен, гэта мая родная мова…

Я шмат дзе была і фактычна не сустракалася з дрэнным да мяне стаўленнем праз гісторыю. Тым не менш, калі мы сям’ёй ляцелі ў Ізраіль, то спрабавалі жартаваць: «Можа скажам, што мы з Галандыі, каб не адказваць на дадатковыя пытанні?!.» Аднак і там мы не адчувалі асуджальных позіркаў, не чулі падобных выказванняў у наш бок.

Рыта. Наадварот, калі ў замежжы я знаёмлюся з кімсьці, то часта чую: «О, Германія! Вельмі цікава! Раскажы мне пра сваю краіну». Ніхто не кажа: «Гэта ваша віна за Другую сусветную», хаця, трапляючы за мяжой у новае асяроддзе, я свядома ці не, але чакаю пытанне пра нацызм і адказнасць немцаў.

 

Пра беларускіх бабуль і дзядуль

Мая. З кожнай бабуляй ці дзядулем камунікацыя адбываецца па-рознаму. Мая бабуля гаворыць толькі па-руску, я ж вывучаю рускую мову толькі два месяцы. Пакуль мне не шмат вядома пра яе гісторыю, пра яе сям’ю з-за моўнага бар’ера. Яна вельмі рада мяне бачыць як работніка – у яе заўсёды ёсць для мяне побытавыя даручэнні. Я шмат увагі ўдзяляю чысціні ў яе кватэры. Бабуля вельмі знаходлівая і дасціпная асоба, умее трапна падабраць асацыяцыю. Кажа кампліменты ў мой адрас. Здаецца, мы добра паладзілі.

А знаёмства з нашым дзядулем пачалося з пачастунку і размовы. Мы даведаліся, што ён быў партызанам, пасля быў схоплены і трапіў у Бухенвальд. Ён не вінаваціў нас, нашчадкаў, але сказаў пра ўсеагульную адказнасць.

Эвелін. У сваёй бабулі я таксама маю шмат працы. Жанчына распавяла мне, што бацькі яе былі расстраляны ў Польшчы. У яе няпросты характар, аднак штораз яна сустракае мяне воклічам: «Як я рада, што ты прыйшла!».

Рыта. Мая бабуля факусуецца на сённяшнім часе: хваробы, нямогласць, адзінота, смерць блізкіх… Да майго прыходу яна рыхтуе спіс задач. Калі ў сярэднім наш візіт доўжыцца 2–3 гадзіны, то ў яе я магу затрымацца і на 4. Іншая бабуля, наадварот, імкнецца не нагрузіць работай, а пагаварыць са мной. Штораз я спрабую закрануць новую тэму, аднак успамінае яна неахвотна – відаць, свядомасць хоча штосьці забыць. Падсумоўваючы, скажу, што ўсе, да каго мы прыходзім, звышудзячныя нам. «З’еш, выпі! Чаму ты такая худая?» – гэта чуем пастаянна. У мяне нават з’явілася традыцыя: па чавяргах у 14.00 мы ядзім суп разам з бабуляй. Аднойчы я спазнілася, і яна сустрэла мяне заклапочана-пакрыўджана: «Я згатавала для цябе дранікі, і яны ўжо астылі!» Я так выбачалася за спазненне, а ўнутры мяне разлівалася цеплыня.


Падчас сустрэчы моладзі і сведкаў вайны; фота МГА «Узаемаразуменне»

 

Пра місію валанцёрства

Мая. Работа рукамі – не самая прэстыжная, яна не заўсёды прыгожа выглядае. Але, робячы нешта карыснае для іншых, я думаю пра агульны пасыл і шукаю прычыну, чаму гэта раблю. Я дапамагаю жанчыне, у якой было страшнае мінулае з-за немцаў, – бо я іх нашчадак. Дапамагаю дробязнымі, нязначнымі рэчамі, аднак, калі гэта выклікае ўсмешку на твары бабулі, – для мяне гэта добры вынік. Нехта павінен рабіць такую работу. У мяне ёсць матывацыя і я знаходжу час. Дзеля гэтага я і прыехала ў Мінск.

 

Запісала Вікторыя Пяткевіч

 

 
інтэрнэт вяшчанне
Зараз у эфіры:
09.20 Міжнародная панарама (Ням.) (п.)

Далей:
09.40 Моладзь Беларусі (Ням.) (п.)


Расклад Iнтэрнет-вяшчання
Расклад спадарожнікавага вяшчання (рэкамендыцыі па прыёме тут)
Расклад FM-вяшчання
 
ВОДГУКІ І ПЫТАННІ


Dear
English Service
Radio Belarus,

Greetings to all staff and listeners of English Service of Radio Belarus.
We listen your webcast program. Your program quality is very nice. Your website is colorful & documented.
We liked your programs, News, and Current Affairs Program. We are interested about Culture, life style of Belarusian people, historical places, Tourist attraction and destination of Belarus.
Please send some program schedule (A19), Calendar , sticker, view card, Promotional items of Radio Belarus for our club members and students.
21st June was fifth International Yoga Day observed across the world. The theme for Yoga Day 2019 was "Yoga for Climate Action”. On this day, which is dedicated to inner and outer well-being of human body, people across the world practice yoga in groups. The International Day of Yoga aims to raise awareness worldwide of the many benefits of practicing yoga, a physical, mental and spiritual practice.
We send you some photos related the program which was held in our area on the occasion of International Yoga Day. Our club members are also practice some Yoga.
We are waiting for your reply.

With best wishes,
SHIVENDU PAUL
PRESIDENT
METALI LISTENERS' CLUB
INDIA

Answer:

Dear Shivendu Paul and Metali Listeners' Club,

dthank you for your comment! We'll send you some of our souvenirs ASAP.
Stay tuned and 73,
RBI


Hallo Radio Belarus,

ja der Dieter Leupold ist jetzt auch hier im Gästebuch vertreten... Super, bald sind wir alle zusammen hier im "Belarus Hörerclub", Dieter könnte 1.Vorsitzender werden und Jana und Elena Ehrernmitglieder, Helmut Matt Schriftführer, Alfred Albrecht Beisitzer und ich mache Hausmeister:-) Lutz Winkler wie fit bist Du bereits wieder, für Dich finden wir auch eine nette Aufgabe:-) Beste Grüße und ein schönes Wochenende.

Dietmar

Answer:

Lieber Dietmar,

das stimmt, für alle finden wir im Hörerklub eine Aufgabe!:)
Liebe Grüße und einen guten Start in die Woche!


Здравствуйте. Говоря о красоте природы Беларуси, о менталитете её жителей неотъемлемой чертой которого является гостеприимство хочется назвать Беларусь таким синонимом как Добрарусь.
Сосновский Кирилл.

Адказ:

Дзякуй за водгук!


Hallo Jana und Jelena,
Höre gerade den tollen Song 10:45 min ( Hörerbriefkasten) Was ist das für ein traditionelles Instrument im Soloteil, klingt etwas wie ein Dudelsack, aber der ist ja in Schottland:-)
LG
Dietmar Wolf

Адказ:

Lieber Dietmar,
das ist wirklich ein Dudelsack :) In Belarus wird es aber Dudá genannt. Eigentlich ist Duda ein belarussisches traditionelles Musikinstrument. Übrigens gibt es viele Arten und Formen von Dudelsack in verschiedenen Kulturen und Ländern von Südamerica bis Indien.
PS: das Lied ist Каляда На Балоце von Тутэйшая Шляхта. ;)
Beste Grüße


Dear sir
How are you. I am rasheed from Pakistan. I am listners of radio Belarus. All programe is informative & intersting. I am intersting in history & culture. Thanks. Please send me some datiles about radio.
Muhammad RASHEED KHAN
PAKISTAN

Адказ:

Dear Muhammad Rasheed Khan, thank you very much for listening to RBI! We'll send you a parcel via regular mail as soon as possible.
Stay tuned and 73!
RBI


Добрый день! Прошу уточнить, что за песня играла в субботу 29.09.2018 в период с 14.00 до 16.00 со словами "Маша Маруся...в Беларуси". Буду очень признательна за ответ.
Елена

Адказ:

Добрый день, Елена!
Интересующая вас музыкальная композиция - песня "Маня-Маруся", которую исполняет ансамбль "Сябры" (вокал: Валерий Рязанов)!
Спасибо, что Вы с нами!


Вiтаю радыё Беларусь! Я з`яуляюся сталым слухачом Вашай радыёстанцыi. Вельмi падабаюцца перадачы на замежных мовах, якiя даюць магчымасць не толькi даведацца, што адбываецца ў Беларусi i за яе межамi, але ж i ўдасканалiць веды ангельскай, нямецкай, французскай моваў, праслухаўшы перадачы. Хацелася б даведацца, цi плануе радыёстанцыя вяшчанне на FM у Мiнску, бо ў заходнiх рэгiёнах Беларусi радыёстанцыя на FM працуе. У шматнацыянальным Мiнску жыве шмат замежных грамадзян, таксама прыязджаюць турысты, якiя б маглi даведацца пра тое, што аббываецца ў краiне i за яе межамi праз радыё Беларусь. На сёння ў Мiнску няма нiводнай англамоўнай цi iншамоўнай радыёстанцыi. З павагай, ваш слухач Сяргей.
Адказ:
Сяргей, дзякуй за паведамленне! Сапраўды, у Мінску нашы перадачы ў ФМ-дыяпазоне не чуваць. Аднак вы можаце паслухаць абсалютна ўсе нашы перадачы непасрэдна на сайце радыё «Беларусь». Уверсе на старонцы ёсць два радкі: он-лайн вяшчанне і ФМ-вяшчанне. Так што далучайцеся да нас у Інтэрнэце!



частоты вяшчання
 

FM-перадатчыкі і частоты:

Брэст - 96.4 МГц
Гродна - 96.9 МГц
Свіслач - 100.8 МГц
Геранёны - 99.9 МГц
Браслаў - 106.6 МГц
Мядзель - 102.0 МГц


Спадарожнікавае вяшчанне:

тэхнічныя параметры глядзіце тут

Радыёперадачы
 

09.07 З Беларуссю ў сэрцы
13.07 Ракурс
Загрузка:
13.07 Спадчына
Загрузка:
09.07 Дзень краіны
З Беларуссю ў сэрцы