Астанкі класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі перавезлі з Уральска ў Мінск. Вяртаннем займаўся кіраўнік дабрачыннага Фонду Марыі Магдалены Радзівіл, старшыня аб'яднання беларусаў Швейцарыі Алесь Сапега. Як ажыццяўляўся праект? Што выявілі судмедэксперты? Ці захаваўся архіў пісьменніка, перададзены сям'ёй у Казахстан? Пра гэта і не толькі Алесь Сапега расказаў карэспандэнту радыё «Беларусь» Таццяне Гаргалык.
– Гэта адказказнасць і гонар для мяне. Шмат было ініцыятыў, шмат прапаноў. Размовы аб перапахаванні Бядулі на радзіме вяліся даўно: і ў савецкі час, і ў сучаснай Беларусі. Мы вырашылі давесці справу да канца. Сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік спачатку паставіўся да ідэі скептычна, але потым пабачыў мяне па тэлебачанні і, можна сказаць, завочна пазнаёміўся. З гэтага ўсё пачалося. Крок за крокам. Яфім Самуілавіч вельмі ўдзячны, бо чакаў шмат год. Ён дзяліўся дзіцячымі ўспамінамі з пахавання бацькі: яму, сямігадоваму, дарослыя казалі падысці і развітацца, а ён пабойваўся. Сёння сыну Змітрака Бядулі 86 гадоў…
Праект быў складаны ад пачатку да канца. У той жа час, хачу адзначыць, што ў Казахстане да нас паставіліся з разуменнем і прыязнасцю. Нават там, дзе, здавалася, ёсць бар'еры, сцены, для нас рабілі выключэнні, ішлі насустрач. Таму спатрэбілася адносна няшмат часу, каб здейсцніць на месцы ўсе неабходныя працэдуры: дэманціраваць помнік, правесці эксгумацыю, падрыхтаваць астанкі да пералёту ў Беларусь. Адзначу яшчэ, што ва Уральску адбылася панехіда па беларускім класіку.
Выкрыліся і некаторыя новыя факты, так, мясцовы судмедэкперт зрабіла заключэнне, што пасмяротна З. Бядулю рабілі трэпанацыю, відавочна, каб высветліць прычыну смерці. Гэта дастаткова нетыпова для таго часу. У мясцовым архіве павінны быць заключэнні, але каб адшукаць дакументы, павінен быць запыт беларускага МЗС ці нашага пасольства ў Казахстане.
Думаю, што мы вельмі своечасова вяртаем Змітрака Бядулю на радзіму, бо і помнік быў не ў лепшым стане, і агароджу ніхто не даглядаў, і побач вельмі шчыльныя пахаванні… Добра, што пісьменнік будзе годна перапахаваны ў Мінску. Пакуль больш ні па датах, ні па месцы нічога сказаць не магу, працягваецца арганізацыйная праца.
Ва Уральску мы сустракалі шмат людзей, якія ведалі пра Змітрака Бядулю, у той жа час было і нямала тых, каму прыходзілася тлумачыць, хто гэта, чаму мы гэта робім. Што да архіва, які ў свой час быў перададзены сям'ёй З. Бядулі ў музей Уральска, асобнай экспазіцыі, прысвечанай пісьменніку, няма, але дакументы, фотаздымкі беражліва захоўваюцца, мы іх бачылі. У большасці сваёй гэта копіі, арыгіналы знаходзяцца ў Беларусі, мы занатавалі, дзе менавіта іх можна знайсці. Вялікую каштоўнасць уяўляе ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якім быў узнагароджаны пісьменнік. Ён захаваўся, ёсць кантакты для далейшай працы датычна лёсу гэтага артэфакта.
Фота: Юрый Камісараў
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з нагоды вяртання астанкаў Змітрака Бядулі ў Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя.
Сын пісьменніка Яфім Плаўнік адзначыў:
– Амаль 80 гадоў таму наша сям'я хавала бацьку. Я вельмі добра памятаю, як гэта адбывалася. Хаваў бацьку Коласаўскі тэатр, які якраз быў на гастролях ва Уральску. Труну для развітання паставілі на пастамент, зацягнуты чырвоным палотнішчам. Падымацца трэба было па высокіх прыступках. Памятаю, як цяжка мне, сямігадоваму, было туды караскацца. Сённяшняе дзейства я не ўспрымаю як штосьці змрочнае, гэта, можна сказаць, вяртанне на радзіму. Спадзяюся, што ў хуткім часе адбудзецца перапахаванне. Да гэтага наша сям'я спрабавала вярнуць бацьку на радзіму 6 разоў, гэта сёмы. Нарэшце ўсё атрымалася.
Пачытаць і паслухаць вялікае інтэрв'ю з Яфімам Плаўнікам, у якім ён успамінае даваеннае жыццё сям'і, эвакуацыю, расказвае пра сяброўства Змітрака Бядулі з Янкам Купалам і Максімам Багдановічам, можна тут:
http://radiobelarus.by/be/content/biadulia-perapahavanne-be
Разам з астанкамі З. Бядулі ў Мінск прывезлі шыльды з надмагільнай пліты. Як плануецца, яны будуць усталяваныя побач з філіялам музея Максіма Багдановіча «Беларуская хатка». У гэтым доме ў свой час жылі Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч, бывалі многія вядомыя пісьменнікі і паэты. Музей гісторыі беларускай літаратуры зацікаўлены ў павелічэнні колькасці экспанатаў, звязаных са Змітраком Бядулем, адзначыў дырэктар установы Міхаіл Рыбакоў.
На розных этапах у праекце па вяртанні астанкаў З. Бядулі было задзейнічана больш за 40 чалавек. Уральск разам са старшынёй Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесем Сапегам наведаў часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч. Паводле беларускага дыпламата, усе мерапрыемствы па вяртанні патрабавалі даволі значных матэрыяльных затрат. Вялікую фінансававую падтрымку аказаў Ганаровы консул Беларусі ў Лазане, мецэнат Андрэй Нажэскін.
Фота з прэс-канферэнцыі: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Самуіл Яфімавіч Плаўнік (псеўданім Змітрок Бядуля) – беларускі і савецкі пісьменнік і паэт. Падчас Другой сусветнай вайны быў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр у эвакуацыі 3 лістапада 1941 года. Быў пахаваны ў г. Уральску, Рэспубліка Казахстан. Змітрок Бядуля пакінуў багатую літаратурную спадчыну: паэмы, аповесці, раман, апавяданні, нарысы, казкі.