Вясковы настаўнік вярнуў імёны 136-ці салдатам Вялікай Айчыннай (Рэпартаж)


Беларусь адзначае вялікае свята – Дзень Незалежнасці. Сёлета яно пазначана 75-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для беларусаў ваенныя падзеі нельга назваць далёкімі, бо ў кожнай сям’і памятаюць пра загінулых родных. У кожным  раёне, населеным пункце краіны знойдуцца помнікі, брацкія магілы, музейныя экспазіцыі. Праз іх  усенародная трагедыя і подзвіг становяцца блізкімі, зразумелымі і відавочнымі. Гісторыю пра энтузіяста, які здолеў аб’яднаць аднадумцаў і захаваць памяць пра абаронцаў Айчыны, – чытайце і слухайце ў матэрыяле міжнароднага радыё “Беларусь”. 

Мемарыял на плошчы Бессмяротнасці ў г. Стоўбцы


Аграгарадок Стары Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў ваенны час быў вёскай, куды захопнікі прыйшлі ўжо ў першыя жахлівыя дні. Чатыры гады Стаўбцоўшчына знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. На яе тэрыторыі ішлі баі. У тыле ворага дзейнічалі партызаны. Немцы знішчылі тысячы людзей у гета. Вызваленне адбылося 2 ліпеня 1944-га сіламі 4-га гвардзейскага кавалерыйскага Кубанскага корпуса. Змагаліся ў ім салдаты з усяго Савецкага Саюза, імёны загінуўшых сёння ўвекавечаны на “сцяне памяці” ў раённым цэнтры. Спісы ахвяр у значнай ступені пашырыліся дзякуючы апантанай дзейнасці мясцовага настаўніка гісторыі і краязнаўцы Івана Шавеля. 

Імёны загінуўшых на Стаўбцоўшчыне, увекавечаныя на плошчы Бессмяротнасці


“Няма безыменных герояў” 

Іван Шавель прыехаў працаваць на Стаўбцоўшчыну, у Старасвержанскую сярэднюю школу, у 1947 годзе. На новым месцы ён, ураджэнец суседняга Уздзенскага раёна, пачаў вывучаць гісторыю. На дапамогу паклікаў вучняў, стварыўшы краязнаўчы гурток. Школьнікі шукалі экспанаты, якія з часам стварылі дыхтоўную калекцыю. 

 
Іван Шавель з жонкай Лідзіяй і сынам Аляксандрам (з асабістага архіва Яўгена Шавеля)
— Ваенная тэма бацьку была асабліва блізкай, – тлумачыць сын, таксама настаўнік гісторыі, Яўген Шавель. – На яго прыйшла “пахаронка” як на загінуўшага падчас абароны адной з вёсак у Польшчы. Нямецкі кулямётчык у апошні момант скіраваў агонь у іншы бок, і так ён цудам выратаваўся, аднак трапіў на непрацяглы час у палон. А пасля да заканчэння вайны ваяваў у радах Савецкай Арміі. 

Вярнуўшыся ў Беларусь, Іван Шавель завяршае навучанне ў педагагічным інстытуце. Дыпламаванага настаўніка-гісторыка накіроўваюць на Стаўцбоўшчыну, у вёску Стары Свержань, дзе ён пачынае шматгадовую працу. Натхненнем для яго стала дзейнасць пісьменніка Сяргея Смірнова, які здолеў вярнуць імёны абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Іван Шавель зразумеў, што і на Стаўбцоўшчыне ёсць героі – пакуль невядомыя, але небезыменныя. 
 
 
“Чырвоныя следапыты” сабраліся ў школьным музеі

 “Чырвоныя следапыты” 
 
Сённяшні дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Аляшкевіч – колішняя вучаніца настаўніка гісторыі Івана Шавеля: 
На ўрокі да Івана Андрэевіча дзеці ішлі з пытаннямі: ён мог цікава гаварыць на любую тэму, аднак быў патрабавальным і прынцыповым, цалкам аддаваў сябе і далучаў да сваіх захапленняў нас. Напрыклад, мы хадзілі да аднавяскоўцаў, запісвалі ўспаміны. Было нават заданне такое: занатаваць успаміны сведкаў ваенных падзей. Я, да прыкладу, гутарыла са сваім бацькам, - успамінае Ніна Аляшкевіч.


Пасля вайны, калі яшчэ не былі створаны архівы і напісаны падручнікі гісторыі, замест навуковых інстытутаў працавалі апантаныя людзі, краязнаўцы. У вёсцы Стары Свержань такім чалавекам стаў настаўнік Іван Шавель. Вучні школы аб’ядноўваліся ў так званыя пошукавыя групы  і станавіліся “чырвонымі следапытамі”. Пасля ўрокаў удзельнікі краязнаўчага гуртка збіраліся на пасяджэнні і, самае цікавае, пісалі лісты верагодным сваякам тых, хто загінуў падчас вызвалення Стаўбцоўшчыны летам 1944-га. Дзякуючы Івану Шавелю і яго камандзе на помніку ў гонар герояў-вызваліцеляў у раённым цэнтры з’явіліся 136 прозвішчаў салдат. Вясковы настаўнік здолеў прайсці ўсе інстанцыі і атрымаць звесткі з закрытага на той час Архіва Міністэрства абароны СССР у горадзе Падольску Маскоўскай вобласці. 

Дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Аляшкевіч паказвае справаздачу вучняў-краязнаўцаў за 1970-1971 гг. 


 

Выпускнікі 1966 г. – піянеры краязнаўства ў в. Стары 


— Вялікая перапіска вялася ў межах усяго Савецкага Саюза. На кожнага загінуўшага высылалася ў населены пункт – яго даваеннае  месца жыхарства – некалькі канвертаў: адзін – на імя верагодных свякоў, другі – у школу і трэці – на імя адной з мясцовых арганізацый, –тлумачыць Яўген Шавель.  


Тагачасныя школьнікі з нецярпеннем чакалі паштальёна: “Адкуль сёння прыляціць вестка?”. Вучні і настаўнік знайшлі 80 адрасатаў – сваякоў, якія да таго часу не ведалі, дзе пахаваны іх сын, брат, бацька… Дзякуючы гэтай інфармацыі сем’і загінуўшых змаглі ў тым ліку атрымаць грашовыя выплаты. А некаторыя нават прыязджалі на Стаўбцоўшчыну, каб пакланіцца гэтай зямлі і пакінуць пра сябе памяць: напрыклад, на плошчы Бессмяротнасці ў райцэнтры, а таксама ў школьным двары былі пасаджаны сібірскія кедры. Калі дрэвы да сёння не захаваліся, то лісты і паштоўкі ад удзячных адрасатаў можна знайсці ў школьнай экспазіцыі.

“Нам пішуць”: альбом з лістамі, якія атрымлівалі “чырвоныя следапыты”


Музей на малой радзіме 

Іван Шавель разам са сваімі вучнямі, акрамя ваенных сведчанняў, папаўняў экспанатамі раздзелы пра археалогію, этнаграфію гэтага краю. Напрыклад, з першабытнай стаянкі, выяўленай на тэрыторыі раёна, у школьную  калекцыю трапіў зуб маманта. Калі ж у савецкі час была закрыта мясцовая царква, то каштоўны царкоўны архіў захаваўся менавіта дзякуючы краязнаўцу Івану Шавелю. Натуральна, былі ў экспазіцыі і каларытныя атрыбуты беларускай вёскі 20 стагоддзя, рэканструяваны побыт сялянскай хаты, прадстаўлены ткацкі станок.

 
Старасвержанская сярэдняя школа

Так школьная экспазіцыя паступова ператварылася ў сапраўдную гістарычную калекцыю, вартую асобнага музея. Так яно і здарылася: музей адразу быў у школе, потым – у мясцовым Цэнтры культуры, для гэтага нават ўзвялі асобны будынак. Мастацкае афармленне першага краязнаўчага музея, пабудаванага за кошт сродкаў калгаса ў вёсцы Стары Свержань, зрабіў ураджэнец гэтых мясцін, мастацтвазнаўца Яўген Сахута. У музеі захоўвалася і яго карціна, прысвечаная бою ў суседняй вёсцы Залужжа ў 1941-м.
 
Аднак пасля чарговага пераезду экспазіцыя так і не была распакавана са шматлікіх скрынак. Такім чынам, гісторыя сённяшняга аграгарадка чакае клапатлівых рук і асэнсаванага падыходу. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што ў Год малой радзімы ўнікальная калекцыя ператворыцца ў адкрытую для наведвання музейную прастору. 
 
 
 
 Яўген Шавель побач са школьнай экспазіцыяй у гонар 100-годдзя бацькі

Між тым, старасвержанцы святкуюць сёлета стагоддзе з дня нараджэння выдатнага настаўніка, які здолеў сабраць гісторыю гэтага краю і перадаць яе нашчадкам, паказаць самабытнасць і адметнасць нацыянальнай культуры. З нагоды векавога юбілею ў роднай для Івана Шавеля школе адкрылася сімвалічная экспазіцыя. Акурат у тым класе, адкуль у свой час пачынаўся вялікі музей, сабраны тэматычны аповед пра плённае жыццё настаўніка. 
Такім людзям – нізкі паклон. Яны – наша мінулае і будучае! І, калі жыве памяць, то жывём мы і наша краіна, – рэзюмуе дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Аляшкевіч. 
 Аўтар: Вікторыя Пяткевіч  
 
 
 
Emisión por internet
Now:
22.40 Musikzeit (DE)

Next:
23.00 Sociedad civil (ES)


Horario en internet
Horario de emisión por satélite (ver parámetros de recepción aquí)
Shortwaveservice
concurso de autofotos
 
Nuestras frecuencias
 

FM-transmisores y frecuencias:


Rakitnitsa - 106.2 МHz
Grodno - 95.7 МHz
Svisloch - 104.4 МHz
Gueraneny - 99.9 МHz
Braslav - 106.6 МHz
Myadel - 102.0 МHz


Radiodifusión por satélite:

ver parámetros de recepción aquí

 

 

Las emisiones