Вяртанне да чытача: гісторыя архіва Віктара Казлоўскага (zviazda.by)

        Гэты вядомы ў свой час, але напаўзабыты сёння творца, быў яскравым прадстаўніком беларускай паэзіі 1920 – 1930 гг. З 1925 г. В. Казлоўскі (1905 ― 1975) публікаваў вершы, нарысы, пераклады ў перыёдыцы — часопісах «Маладняк», «Чырвоны Сейбіт», «Узвышша», «Полымя», газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Звязда» ды інш. У 1932 г. выйшлі зборнікі яго вершаў «Слова аб юнай краіне» і «Музыка працы», паэма «Рахіль». На жаль, пасля 1936 г. паэт не публікаваўся, бо ва ўмовах атмасферы сталінскіх рэпрэсій захварэў на манію пераследу. Асобныя вершы былі перадрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961; 1993) і зборніку «Універсітэт паэтычны» (1971), кнізе «Краса і сіла» (2003). Спроб выдаць творы В. Казлоўскага асобным выданнем не рабілася — у тым ліку і таму, што на гэта не даваў згоду сам аўтар.


Доўгі час лічылася, што асабісты архіў паэта не захаваўся. Аднак паступленне ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва дакументаў крытыка Алеся Кучара ў студзені 2000 г. прывяло да нечаканых адкрыццяў. У асабістым архіве А. Кучара адшукаліся рукапісы і іншых аўтараў, у тым ліку В. Казлоўскага. Асаблівую ўвагу прыцягнуў стос аркушаў з паэтычнымі тэкстамі, аб’яднаных рукапіснай вокладкай з загалоўкам: «Віктар Казлоўскі. Аржаныя пажары». У друку канца 1920-х гг. сапраўды згадвалася, што паэт працаваў над такой кнігай, але свет яна тады так і не ўбачыла. Нечаканай знаходцы была прысвечана публікацыя Ганны Запартыкі «Песняю пасею словаў шчырых жменю…» ў часопісе «Роднае слова», разам з якой былі апублікаваны знойдзеныя пад вокладкай кнігі «Аржаныя пажары» вершы «У строях белых», «Ф. Скарыну», «Настроі». Найбуйнешая падборка вершаў пад агульным загалоўкам «З кнігі “Аржаныя пажары”» выйшла ў альманаху «Тэксты» (2008, № 6).

Аднак крыху пазней высветлілася, што ў рукапіснай вокладцы зборніка вершаў «Аржаныя пажары» Віктара Казлоўскага ляжаў… рукапіс зборніка «Васільковы россып» (1929) Сяргея Дарожнага! Відавочна, пасля таго як зборнік выйшаў, С. Дарожны даў яго рукапіс В. Казлоўскаму, і той паклаў яго разам са сваімі паперамі. А потым усё разам патрапіла да А. Кучара.

Выпраўленню гэтай памылкі з вызначэннем аўтарства былі прысвечаныя дзве публікацыі ў тым жа «Родным слове» ў 2011 г. Дзеля «аднаўлення справядлівасці» па некалькі вершаў С. Дарожнага і В. Казлоўскага з фонду А. Кучара былі апублікаваныя пад рэальнымі прозвішчамі іх аўтараў. Захаваныя ж рэцэнзіі палітрэдактара А. Ульянава, а таксама адзін з варыянтаў зместу кнігі дазволілі аднавіць драматычную гісторыю працы паэта над зборнікам, які пад ціскам палітрэдактара неаднойчы перарабляўся, але так і не быў выдадзены, і толькі частка вершаў увайшла пазней у кнігу «Слова аб юнай краіне» (1932).

Варта зазначыць, што ў лёсе паэта А. Кучар, як і А. Ульянаў, адыграў адмоўную ролю. У артыкуле «Творчыя праблемы савецкай паэзіі», змешчаным у № 12 часопіса «Полымя рэвалюцыі» за 1934 г., пра верш В. Казлоўскага «Тачачнік» крытык у найгоршых традыцыях вульгарнага сацыялагізму пісаў: «…тут агаляецца класава-варожы твар Казлоўскага, які паўстае ў вобразе мучальніка-тачачніка, што нібыта на савецкай вытворчасці зламаў сабе карак. Мы гаворым тут шмат пра Казлоўскага не для таго, каб давесці, што ён халтуршчык, а таму, што такая менавіта ўяўная перабудова характэрна для многіх паэтаў з нацыяналістычнага лагеру, і супраць гэтага мы павінны абвясціць бязлітасную вайну». Згаданы артыкул выйшаў у самым канцы 1934 г. Самы апошні па часе рукапіс В. Казлоўскага, выяўлены ў архіве А. Кучара, датаваны 1-м студзеня 1935 г. Атрымліваецца, што крытык напісаў пра паэта разгромны артыкул і адразу ж пасля гэтага завалодаў яго асабістым архівам (бо ў А. Кучара аказаліся не толькі рукапісы мастацкіх твораў, але і фрагменты асабістай перапіскі паэта). Такое магло адбыцца хіба толькі калі А. Кучар прыходзіў у кватэру ці кабінет В. Казлоўскага з вобшукам.

Цяпер збор дакументаў В. Казлоўскага ў фондзе А. Кучара налічвае 16 адзінак захоўвання (ф. 446, воп. 1, адз. зах. 340 — 356). Гэта вершы (у тым ліку чарнавыя варыянты), паэмы «Здань» (1927) і «Рахіль» (1929 — 1930), апавяданне «Смяртэльны пацалунак» (1927), гумарыстычны абразок «Братку — з працы» (1930), лісты сваякоў і сяброў. Акрамя літаратурнай спадчыны, захаваліся канспекты лекцый па курсе прафесара Я. І. Барычэўскага «Заходнееўрапейская літаратура», а таксама запісаныя В. Казлоўскім вершы рускіх паэтаў А. Апухціна і С. Надсана. І нарэшце — ужо згаданыя погляды палітрэдактара т. Ульянава на зборнік вершаў Казлоўскага «Аржаныя пажары» і верш нявызначанага аўтара (мяркуецца, што гэта Кузьма Чорны), прысвечаны В. Казлоўскаму.

Дзякуючы архіву А. Кучара, знайшлося каля 50 недрукаваных твораў В. Казлоўскага, якія даюць больш яскравае ўяўленне пра асобу паэта, яго светапогляд, дадаюць нямала істотных штрыхоў да яго пакуль яшчэ недастаткова даследаванай творчай біяграфіі. Можна сказаць, што цяпер постаць В. Казлоўскага адкрылася ў новым святле: шэраг агульных рысаў збліжае яго творчасць з паэтыкай мадэрнізму, дэкадансу, а таксама «жорсткага рамансу». Характэрная стылістычная асаблівасць многіх яго неапублікаваных вершаў 2-й паловы 1920-х гг. — ужыванне знарочыста трагедыйных вобразаў кшталту «ўсмешкі смерці», «атрута слёз», «чорны лебедзь», «звон паніхідны ліп», «жыццё з пахам мерзлых ільдзін» ды інш. А апавяданне «Смяртэльны пацалунак», напрыклад, цікавае як эксперымент у галіне рытмічнай прозы. І, магчыма, менавіта такі, «нефарматны», Віктар Казлоўскі акурат здолее зацікавіць сённяшнага чытача.

У 2004 г. у БДАМЛМ паступіў фонд фалькларыста і літаратуразнаўца Івана Цішчанкі (ф. 457). Як можна меркаваць з матэрыялаў фонду, І. Цішчанка ўжо пасля смерці В. Казлоўскага наведваў яго родную вёску Мрочкі Уздзенскага раёна, дзе сустракаўся з мясцовымі жыхарамі, у тым ліку паэтавым братам Юльянам Іванавічам Казлоўскім (1903 — 1983). У выніку ў асабістым архіве І. Цішчанкі з’явіліся копіі фотаздымкаў В. Казлоўскага, а таксама трох яго вершаў, напісаных на адваротах здымкаў; арыгіналы, як высветлілася, зберагаюцца ў пляменніцы паэта Станіславы Кавалёвай. Акрамя таго, у фондзе захоўваюцца фатаграфіі Юльяна Казлоўскага, аднавяскоўца Паўлюка Вярбіцкага, пісьменніка Васіля Сташэўскага з сям’ёй, хаты і магілы В. Казлоўскага. Цікавым дакументам з’яўляюцца і ўспаміны аднавяскоўца Аляксея Рудамінскага пра В. Казлоўскага — варыянт яго ж успамінаў «Мінулае і незабыўнае», што захоўваюцца ў асабістым фондзе С. Шушкевіча. Падобна, што менавіта апошні і пазнаёміў І. Цішчанку з А. Рудамінскім.

Апошняе паступленне дакументаў, звязаных з В. Казлоўскім, — фонд заўчасна памерлага літаратуразнаўца Івана Баркоўскага (1970 — 1998), які таксама нарадзіўся ў Мрочках і даследаваў жыццё і творчасць свайго таленавітага земляка. Сабраныя І. Баркоўскім матэрыялы ўтрымліваюць і невядомыя раней факты з біяграфіі В. Казлоўскага — напрыклад, некаторыя падрабязнасці развіцця яго хваробы: «Познім вечарам, 12 лістапада 1932 г. аўтар, атрымаўшы ганарар, вяртаўся на кватэру. Невядомыя асобы сустрэлі яго амаль каля дома, дзе пісьменнік жыў, забралі грошы і цяжка збілі. Назаўтра раніцой Казлоўскі ўбачыў праз акно машыну службы НКВД. У той час ужо хвалі рэпрэсій падверглася шмат інтэлігенцыі. Мільганула думка, што гэта прыехалі па яго. Вельмі перапужаўся і захварэў нервовай хваробай. Цяжкая хвароба адарвала паэта ад літ. працы, ён лячыўся ў Мінску, Маскве...». Гэтым часткова тлумачыцца, чаму паэт у 1933 г. не апублікаваў ніводнага твора (пасля таго, як у 1932-м у яго выйшлі ажно тры кнігі).

У траўні 2014 г. адбыліся здымкі дакументальнага фільма «Страчаная песня» пра жыццё і творчасць Віктара Казлоўскага (студыя «Летапіс»; аўтар сцэнарыя Людміла Сяліцкая, рэжысёр Ігар Чышчэня). Здымачная група наведала родныя мясціны паэта. Успамінамі пра творцу падзяліліся старажылі вёскі Мрочкі: Феня Сямёнаўна Рудакоўская, Таццяна Іванаўна Казлоўская з дочкамі Валянцінай і Аленай, Роза Трафімаўна Янушкевіч (з 1962 г. жыве ва Уздзе) і Алена Вячаславаўна Міцэвіч. У Мінску здымачная група наведала пляменніцу паэта Станіславу Юльянаўну Кавалёву, якая распавяла пра малавядомыя старонкі жыцця В. Казлоўскага.

Увосень 2014 г. фільм быў прадэманстраваны на кінафестывалі «Лістапад» і вельмі паспрыяў папулярызацыі асобы В. Казлоўскага. Працягласць фільма усяго 13 хвілін, і, натуральна, у яго ўвайшла толькі малая частка адздыманага матэрыялу. Аднак тое, што ў фільм не ўвайшло, захавана і, безумоўна, будзе цікавае даследчыкам жыцця і творчасці паэта.

Віктар Казлоўскі — таленавіты паэт з драматычным лёсам — паступова вяртаецца да чытача. Хочацца спадзявацца, што яго творы — у тым ліку і знойдзеныя ў архіве — рана ці позна нарэшце выйдуць асобнай кнігай.

Віктар ЖЫБУЛЬ,

кандыдат філалагічных навук,

вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

 
Emisión por internet
Now:
02.40 Golden fund of Belarusian Radio (EN)

Next:
03.00 News (EN)


Horario en internet
Horario de emisión por satélite (ver parámetros de recepción aquí)
Shortwaveservice
concurso de autofotos
 
Nuestras frecuencias
 

FM-transmisores y frecuencias:


Rakitnitsa - 106.2 МHz
Grodno - 95.7 МHz
Svisloch - 104.4 МHz
Gueraneny - 99.9 МHz
Braslav - 106.6 МHz
Myadel - 102.0 МHz


Radiodifusión por satélite:

ver parámetros de recepción aquí

 

 

Las emisiones