На сённяшні дзень вядома аб знаходжанні ў Беларусі толькі трох жывапісных палотнаў мастака Яна Дамеля - у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. А невядомыя малюнкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі - цяпер можна ўбачыць і онлайн!
У юбілейны год мастака - ўнiкальныя факты i новыя звесткі пра жыццё i мастацкую спадчыну слаўнага жывапісца і графіка XIX стагоддзя - ў інтэрв’ю міжнароднаму радыё “Беларусь” раскрыў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Моніч:
Ян Дамель (1780–1840) – вядомы мастак першай паловы ХІХ ст. на беларускіх землях, выпускнік факультэта літаратуры і свабодных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, стваральнік шматлікіх партрэтаў сучаснікаў, батальных сцэн і алтарных палотнаў. Аднак нягледзячы на знакамітасць імя, для нас ён застаецца невядомай фігурай. Цьмяныя звесткі яго біяграфіі сталі прычынай стварэння шматлікіх міфаў і выдумак, якія і сёння лунаюць вакол асобы майстра.
Ян Дамель. Аўтапартрэт 1828 Нацыянальны музей у Варшаве
Ян Дамель нарадзіўся ў 1780 годзе ў Курляндыі (сучасная Латвія), дакладная дата і мясцовасць невядомы. Вельмі часта ў літаратуры месцам нараджэння мастака памылкова называецца горад Мітава (сучасная Елгава). Згодна з дакументам, напісаным уласнаручна Дамелем, у Мітаве ён хадзіў у школу да 1797 года, потым выехаў у Жмудзь і на працягу аднаго года працаваў гувернёрам. На сённяшні дзень не выяўлена метрыка аб нараджэнні мастака або іншы дакумент, дзе была б пазначана дакладная дата нараджэння або, прынамсі, год. У архіўных дакументах і літаратуры першай паловы ХІХ стагоддзя сустракаюцца наступныя гады — 1777, 1778, 1779, 1781 і нават 1790.
Ян Дамель. Маленне аб чашы. 1830 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Пра сям’ю Дамеля звестак яшчэ менш, чым пра дату нараджэння. Сам мастак піша, што яго бацька быў гандляром, жыў на тэрыторыі Курляндыі ў двары Беркер (верагодна, сённяшняя сядзіба Беркенэ, Латвія), пазней пераехаў у Жмудзь, жыў у Жагорах (сёння Жагары, Літва), дзе і памёр. Першы біёграф і сябра Яна Дамеля Адам Шэмеш у сваіх успамінах пра мастака зазначае, што яго бацькі былі шляхетнага паходжання, дзед быў палкоўнікам саксонскіх войскаў, пазней гэтыя звесткі былі скажоныя ў слоўніку мастакоў Эдварда Раставецкага, дзе палкоўнікам саксонскіх войскаў названы ўжо бацька, і паўтараліся ў шматлікіх выданнях ХХ і ХХІ стагоддзяў. Згадкі пра шляхетнае паходжанне Дамеля сустракаюцца ў рэгістры студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, фармулярных спісах выкладчыкаў Віленскай губерніі і дакументах Мінскага галоўнага суда ў справе па абвінавачванні Ігната Цэйзіка.
У 1799 годзе Дамель пераяжджае ў Вільню і паступае ва ўніверсітэт на курс малюнка і жывапісу да прафесара Францішка Смуглевіча, пасля смерці якога ў 1807 годзе змяніў Ян Рустэм. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта і здачы адпаведных іспытаў, у 1809 годзе, Ян Дамель атрымаў ступень магістра свабодных мастацтваў і пачаў выкладаць у віленскай гімназіі.
Падчас навучання ў Віленскім універсітэце Дамель знаёміцца з Ігнатам Цэйзікам, які першапачаткова працаваў у канцылярыі, а пазней слухаў курсы хіміі, агульнай гісторыі, французкай мовы і малявання, аднак навуковай ступені не атрымаў. Прыяцельскія адносіны паміж студэнтамі перараслі ў сяброўства, якое працягвалася і пасля заканчэння навучання. Дамель выкладаў малюнак у віленскай гімназіі, Цэйзік займаўся арганізацыяй уласнай гаспадаркі ў Слуцкім павеце, бачыліся яны рэдка, таму кантакт падтрымліваўся праз ліставанне. 1811–1814 гады, бадай што, самы вывучаны перыяд жыцця мастака менавіта дзякуючы захаванай перапісцы. Сяброўскія лісты сёння з’яўляюцца каштоўным скарбам для даследчыкаў. Пасля вяртання з Сібіры Ян Дамель вырашае пасяліцца ў Мінску. Што кіравала мастаком пры выбары месца пражывання, застаецца таямніцай. Шэмеш піша, што падчас “Мінскага” перыяду мастак не выяжджаў на далёкія адлегласці, за выключэннем падарожжа ў Санкт-Пецярбург у 1836 г., ён наведваў сваіх сяброў і знаёмых у вёсках і мястэчках. Гэты час стаў найбольш плённым для Дамеля як мастака: была створана вялікая колькасць партрэтаў сучаснікаў, гістарычных карцін і алтарных палотнаў для касцёлаў.
Ян Дамель памёр ў Мінску ў 1840 годзе, быў пахаваны ў крыпце Мінскага Кальварыйскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Пасля яго засталася багатая мастацкая спадчына, якая размяшчалася пераважна ў прыватных калекцыях (партрэты, палотны на гістарычную тэматыку і альбомы малюнкаў) беларускай шляхты і касцёлах (алтарныя палотны). Сёння вядома месцазнаходжанне толькі лічаных карцін і графічных твораў пераважна ў музейных зборах Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі.
На сённяшні дзень вядома аб знаходжанні ў Беларусі толькі трох жывапісных палотнаў Яна Дамеля (калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Прадстаўленыя на выставе малюнкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі стануць цудоўным дадаткам да мастацкай спадчыны майстра.
Крыніца: https://niab.by/newsite/en/vistava-damel
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі