Кажуць, што мора і акіян – лепшыя лекі. Гістарычна склалася, што па такія лекі беларусы выязджаюць за мяжу. Але ёсць і на карце нашай краіны кропка, якая вабіць сваім «райскім антуражам», атмасфернымі фотаздымкамі і крутымі (літаральна так) спускамі. Краснасельскія мелавыя кар'еры – гэта незвычайныя для нашай мясцовасці пейзажы і краявіды, тут прыгажосць наваколля настройвае на класічны пляжны адпачынак.
Незвычайна цёмны, аздоблены пазалочанымі элементамі алтар на 150 гадоў старэй за будынак, перанесены са старога касцёла. Аналагаў гэтаму твору мастацтва на беларускіх землях няма. Паглядзіце, які нязвыклы для каталіцкага храма, яркі і кантрасны, а таму і больш уражальны старажытны алтар сустракае вернікаў у Волпе.
Злева знаходзіцца яшчэ адзін алтар. Адметнасць яго ў тым, што фактура дрэва не хаваецца (часта «драўлянае барока» фарбуюць, каб надаць матэрыялам больш вытанчаны і дарагі выгляд). Срэбны бляск калон добра пасуе да кампазіцыі і стварае асаблівы настрой: калі цэнтральны алтар – мажорны, нават дынамічны лад, то яго сусед злева больш утульны і «дамашні».
Касцёл Святой Троіцы ў г.п. Рось увогуле мае вельмі доўгую гісторыю: будаўніцтва пачалося яшчэ пры канцлеры Гераніме Хадкевічы (гэта XVI ст.). І ў той час храм быў асвечаны як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Зараз гэта мураваны касцёл (узведзены у пач. XIX ст.), які, падобна святыні ў Волпе, захаваў цікавы артэфакт ад папярэдняга будынка. У ХVII ст. па рацэ Рось сюды прыплыла драўляная скульптура Ісуса Журботнага. Яе ўсталявалі ў касцёле. Першы цуд зафіксаваны ў 1618г. і, як адзначаюць дасведчаныя людзі, боская дапамога не знікае. Таму нямала падарункаў нясуць вернікі цудадзейнай фігуры Ісуса Журботнага ў цэнтральным алтары.
У касцёле знаходзіцца саркафаг Соф’і Пац, удавы Фелікса Патоцкага. Жанчына дапамагла аднавіць дах будынка пасля пажару, а калі праз 4 гады яна памерла, грабніцу (работа італьянскага скульптара Джуліа Маскеці) ўсталявалі ў адным з бакавых алтароў.
На фоне папярэдніх храмаў касцёлы ў в. Шылавічы і в. Гнезна здаюцца вельмі маштабнымі, непахіснымі, больш падобнымі на замкі. Напрыклад, касцёл Найсвяцейшай Троіцы – адзін з самых высокіх неагатычных касцёлаў Беларусі. Магчыма, і самы высокі, калі вымяраць вежу і крыж разам.
Чырвоная цэгла і белыя абтынкаваныя нішы ствараюць прыгожы кантраст, велічнасць касцёла падкрэслівае і ладны дэндрарый. І здаецца, што ў гэтай гісторыі таксама меў месца цуд, бо якім чынам невялікі драўляны будынак, больш падобны на звычайную хату (менавіта так і выглядаў будынак на фота 1900г.), ператварыўся ў гэты манументальны помнік архітэктуры? Дарэчы, калісьці касцёл збіраў не вернікаў, а зерне. Тут было зернясховішча, потым – рамонтныя майстэрні трактароў. Так гістарычна склалася… Прыкладна тое самае склалася і ў касцёле Святога Міхаіла ў в. Гнезна: святыня пашкоджана падчас войнаў і пажараў, а ў мірны час выкарыстоўвалася як калгаснае сховішча. Цяперашні выгляд касцёла – гэта вынік яго амаль 500-гадовай гісторыі: ад кожнай стыхіі, чалавечай ці прыроднай, будынак цярпеў, але… прыстасаваўся і выстаяў. А зараз знаходзіцца ў спісе помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Прыкладна ў сярэдзіне турыстычнага маршруту нас чакае цікавая «высокая» кропка. У сэнсе зусім не кропка? Гара! Гэта добры момант надаць экскурсіі больш спакойны і сузіральны матыў. «Шведская гара» – узвышша, якое па форме нагадвае ўсечаны конус. Яе атачае абарончы вал, краявіды адкрываюцца цудоўныя, думкі ляцяць у сярэднявечча, уяўляюцца рыцары і… яны ж з’яўляюцца напраўду, дзякуючы мясцоваму клубу рэканструкцыі. Цікава і дарослым і дзецям, і беларусам і турыстам, словам, ідэя выдатная. І яшчэ пра ўдалыя ідэі…
«Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва!», - абяцаў Альпенскі ў творы Дуніна-Марцінкевіча. Жарты жартамі, але «убачыць шляхецтва» у хуткім часе мы зможам. Маёнтак Падароск (сядзіба Бохвіцаў) мае ўсе шансы стаць вялікай прывабнасцю для турыстаў. Месца, ідэя, людзі, легенды – усё гэта спрыяе паспяховай рэалізацыі плана па стварэнні музея беларускай шляхты.
Адметна, што нягледзячы на такую класічную гістарычную тэму (гербы, партрэты, радаводы), тое, што ўжо зрабілі сённяшнія ўладальнікі маёнтка, бачыцца шыкоўным спалучэннем сучасных тэхналогій і інтэрактыўнасці. Гэта не сумны манатонны пералік прозвішчаў і званняў, а вандроўка ў мінулае, дзе кожны атрымае сваю порцыю датычнасці ва ўсіх сэнсах. Пакруціць макеты, папляскаць па плячы Напалеона (па чутках ён спыняўся ў гэтых мясцінах, зараз нехта вельмі на яго падобны сядзіць на ложку ў адным з пакояў сядзібы) альбо знайсці свае «шляхетныя карані». Бо, як мяркуе дырэктар Юрый Меляшкевіч, «шляхта, якая можа сюды прыехаць , якую мы можам тут пабачыць – гэта толькі мы самі. Мы роўныя ўсім шляхетным фаміліям, якія жылі на гэтай зямлі. І першае, што вы сустрэнеце у музеі будзе люстэрка». Годная прапанова, ці не так?
Семінар арганізаваны Нацыянальным агенцтвам па турызме.
ВЕРАНІКА БАРЫСЁНАК
Les emetteurs FM et leur couverture:
Rakitnitsa – 106.2 MHz
Grodno – 95.7 MHz
Svisloch – 104.4 MHz
Gerniony – 99.9 MHz
Braslav – 106.6 MHz
Miadel – 102.0 MHz
Radiodiffusion par satellite :
voir les paramètres de réception ici