20 чэрвеня ў другі раз пройдзе фестываль гістарычнай кнігі - «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку». Месца правядзення выбрана не выпадкова. Мірскі замак - унікальны помнік беларускага дойлідства, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У розны час ім валодалі вядомыя гістарычныя асобы Беларусі, у ліку якіх - асветнікі і мецэнаты, якія падтрымалі кніжную справу на беларускіх землях.
Адкрыецца фестываль тэатралізаванай сустрэчай гасцей ва ўнутраным двары замка, а працягнецца касцюміраваным прадстаўленнем ў суправаджэнні Народнага ансамбля старадаўняй музыкі «Контрданс». Як паведамілі арганізатары, у выставачных залах музея наведвальнікаў чакае знаёмства з разнастайнымі выставамі: «Рэтраспектыва беларускага экслібрыса», «500 гадоў. Мастацтва, кніга, мастацтва кнігі», «Дзіцячая кніжная ілюстрацыя Беларусі і Эстоніі». Асаблівую ўвага прыцягнуць працы мастака Юрыя Крупянкова «Памяці мястэчка». Выставу кніг і старадаўніх паштовак прадставіць вядомы гісторык, калекцыянер, пісьменнік Уладзімір Ліхадзедаў.
Асаблівая ўвага - гісторыі і развіццю музея «Замкавы комплекс «Мір». Шэраг актуальных пытанняў плануецца разгледзець падчас правядзення круглага стала «Замкавы комплекс «Мір» - аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА», прымеркаванага да 20-годдзя ўключэння аб'екта ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У мерапрыемстве плануецца ўдзел вядомых беларускіх гісторыкаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў грамадскасці.
У рамках 20-годдзя ўключэння помніка беларускага дойлідства XVI стагоддзя ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, праводзяцца брэндавыя мерапрыемствы - у тым ліку флэшмоб з хэштэгам #20MIR20. Якія праекты - самыя арыгінальныя і незвычайныя, хто з вядомых гістарычных асоб Беларусі валодаў замкам і што - пасля сябе пакінуў? Як вядзецца работа па вяртанні ў замак каштоўных экспанатаў, якія сур'ёзныя навуковыя працы праведзены і чым здзівіць фестываль гістарычнай кнігі - расказалі у студыі міжнароднага радыё “Беларусь” дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мiр» Аляксандр Лойка і вучоны сакратар установы Ігар Ложачнік:
Навінка да фестывалю «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» - ад «Народнай асветы». У выдавецтве выйшла новая кніга Ірыны Токаравай «Гадзіннік, або Цім ў Мірскім замку». Гэтая кніга - працяг падарожжаў Ціма і яго сяброў у часе. Разам з героямі кнігі вы адправіцеся ў Мірскі замак, апынецеся ў далёкім мінулым і ўбачыце, як замак будаваўся, як жылі яго насельнікі ў розныя стагоддзі. Вы станеце ўдзельнікамі небяспечных прыгод у гады войнаў і нападаў на замак, а таксама праверыце, ці ёсць у замку прывіды, пра якія даведаецеся з легенд. Кожная кніга Ірыны Токаравай нязменна знаходзіць сваіх фанатаў дзякуючы захапляльнаму сюжэту, багаццю цікавых фактаў і падзей.
Арганізатары свята - Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП «Белсаюздрук», музей «Замкавы комплекс Мір», ААТ «Белкніга» чакаюць сустрэчы з чытачамі, з тымі, для каго кніга - гэта сябар, настаўнік, крыніца натхнення.
FM-Sender und –Frequenzen:
Rakitniza - 106.2 MHz
Grodna - 95.7 MHz
Swislatsch - 104.4 MHz
Geraneni - 99.9 MHz
Braslaŭ - 106.6 MHz
Mjadsel’ - 102.0 MHz