На першым блоку Беларускай АЭС выкананы пробны пуск турбіны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
"Паспяхова ажыццёўлены так званы першы штуршок турбіны на магутнасці рэактара 35 працэнтаў. Турбіну пракруцілі на халастым ходу і паэтапна павялічылі колькасць абаротаў да праектных значэнняў - 3 тыс. абаротаў за мінуту", - паведамілі ў прэс-службе.
Пуск турбіны - адна з важных аперацый пры падрыхтоўцы энергаблока да пачатку выпрацоўкі электраэнергіі.
"Турбаагрэгат у адпаведнасці з праграмай выпрабаванняў выведзены на намінальныя абароты. Усе паказчыкі, уключаючы вібрацыйны стан, у норме, што дае нам магчымасць пачаць праграму выпрабаванняў турбіны на халастым хаду і генератара перад уключэннем у сетку", - пракаменціраваў віцэ-прэзідэнт АТ ІК "АБЭ", дырэктар праекта па ўзвядзенні Беларускай АЭС Віталь Палянін.
Графік пуску першага энергаблока Беларускай АЭС стартаваў 7 жніўня, калі ў корпус рэактара была загружана першая цеплавыдзяляльная зборка са свежым ядзерным палівам. 11 кастрычніка на этапе фізічнага пуску рэактар быў выведзены на мінімальна кантралюемы ўзровень магутнасці (менш за 1 працэнт ад намінальнай магутнасці). Усяго на этапе фізічнага пуску было выканана больш за 50 фізічных вымярэнняў, якія пацвердзілі адпаведнасць ядзерна-фізічных характарыстык рэактарнай устаноўкі праектным. 23 кастрычніка ДП "Беларуская АЭС" і АТ ІК "АБЭ" (інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам") атрымалі дазвол МНС Беларусі на выкананне работ па этапнай праграме энергетычнага пуску энергаблока нумар 1.
تم إعداد قضية المعلومات على أساس المواد الراديو البيلاروسية الخاصة، وكالة المعلومات بيلتا ومصادر أخرى.