У ёмістым зборніку, прысвечаным творчасці Францыска Скарыны, аўтарытэтных асоб беларускай культуры канца 1980-х гадоў «Падарожная кніжка Скарыны» (Мн., 1990) больш за 100 аўтараў. Аднак самую важную, першасную (!) каштоўнасць яго творчасці для нас, яго нашчадкаў — духоўна-маральную накіраванасць і аснову, закладзеную ў хрысціянскіх канонах, — адзначылі толькі два аўтары, перакананыя вернікі, знаўцы Святога Пісання і творчасці славутага беларуса.
Юрый Лабынцаў: «Важна не столькі тое, што Скарына першы на зямлі нашай Радзімы выкарыстаў друкарскі станок, колькі тое, з якой мэтаю ён гэта зрабіў…» (с. 288).
Валянціна Дышыневіч раскрыла галоўную мэту Скарыны і разам з тым праблему скарыназнаўства, якая засталася праблемай і ў ХХІ стагоддзі: «Выкарыстанне Скарынам старажытных крыніц (Бібліі. — Аўт.) — складанае і амаль не вырашанае пытанне скарыназнаўства» (с. 280). Сапраўды, як жа яно магло быць распрацавана ў калісьці атэістычнай дзяржаве датычна рэлігійнага апалагета Скарыны? «Скарыну, як і іншых дзеячаў Адраджэння, прыцягвала свабода духу, ідэалы любові, міру, згоды, справядлівасці. Іх ён настойліва падкрэслівае ў сваіх творах, да іх палка заклікае праз стагоддзі і нас, каб любоўю захавалі жыццё на зямлі і сваю духоўную існасць сапраўднага чалавека», — адзначыла Дышыневіч (с. 281).
Але варта паслухаць самога Скарыну, паслухаць уласна аўтара, бо ў яго духоўна-асветніцкай публіцыстыцы, звернутай да сучаснікаў і нашчадкаў, якраз выкладзена тое найважнейшае, на што мы павінны звярнуць увагу, што павінны прыняць і засвоіць для карыстання ў жыцці. Гэта значыць зазнаць першасную мэту, дзеля якой Скарына звярнуўся да Бібліі:
«У гэтай кнізе — пачатак і канец усёй існуючай мудрасці, што зыходзіць ад Бога Усётрымальніка. У гэтай кнізе — усе законы і правы, якімі павінны карыстацца людзі ў зямным жыцці. У гэтай кнізе — усе лякарствы душэўныя і цялесныя, разам знойдзеце. Тут навучанне дабранраўных паводзін: як любіць Бога і бліжняга, як самога сябе! (Мф. 22:37, 39). Тут — павучанні ўсім людзям, якія праз веру, зычлівасць і згоду дабро памнажаюць… Мы, хрысціяне, спасцігнуўшы звычайныя навукі, што ўвесь час пашыраюцца, маем патрэбу ў навуцы векавечнай — выратаванні душы! Таму і чытаем для настаўлення святое Евангелле і імкнемся ў справах трымацца прыкладу жыцця Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Каб з Яго дапамогай знайсці шляхі ў Царства Нябеснае, падрыхтаванае для абраннікаў Божых».
З Прадмовы да ўсёй Бібліі
***
«…гэтая кніга (Эклезіяст. — Аўт.) вельмі патрэбная, бо ў ёй аб царкоўнай навуцы… Найбольш аб мудрасці, аб страху Гасподнім, аб Слове Божым, аб справядлівасці, аб веры, аб любові, аб надзеі, аб чысціні, аб міласэрнасці, аб моцы духоўнай, аб мірнасці, аб пачцівасці, аб шчодрасці, аб ціхмянасці, аб любові да людзей, аб навуцы Закона Божага, аб паслушэнстве бацькам сваім, аб праведнасці сваёй, аб тварэнні дабра, а не зла, аб шанаванні святых падзвіжнікаў веры, аб праведнасці цароў, аб высакародстве прарокаў Божых і аб іншых многіх добрых звычаях і норавах, якія ў ёй, чытаючы, знойдзеш... »
«Што было напісана раней на розных мовах, міласэрны Бог нам паслаў для нашага навучання, каб мы, Яго славячы, Яго любячы, Яму служылі, у Яго веравалі, да таго ж, каб былі дасканалыя ў норавах і добрыя справы чынілі» (Рым.15:4); «бо без веры не можам любіць Бога, як і вера без добрых дзеяў мёртвая» (Іяк. 2:20).
З Другой прадмовы да Кнігі Ісуса Сірахава
***
«Усё Пісанне боганатхнёнае, карыснае для навучання і выяўлення прыхаванага, для выпраўлення і спасціжэння ісціны. “Хай дасканалы будзе чалавек Божы і на ўсякую добрую справу гатовы”, — піша святы апостал Павел (2Цім. 3:16-17). Дзеля гэтага Святыя Пісанні прызначаны: для нашага навучання і выпраўлення духоўнага і цялеснага… Там ёсць справядлівасць, там ёсць чысціня душэўная і цялесная; ёсць там навучанне ўсякай праўдзе. Там — мудрасць і розум дасканалыя; там — міласць і дружалюбнасць без ліслівасці і ўсе іншыя добрыя норавы, нібы крыніцы, адтуль выходзяць».
З Прадмовы да Псалтыра
***
«Чалавечая істота двума законамі кіруецца: тым, што ад Госпада Бога, г.зн. прыроджаным, і напісаным.
Прыроджаны закон найбольш выконваецца: тое чыніць усім іншым, што самому люба прымаць ад іншых, і таго не чыніць іншым, чаго сам не хочаш мець ад іншых. На гэтым, як на падмурку, усе пісаныя законы заснаваныя, як Збаўца наш Ісус Хрыстос кажа: “Усё, што вы хочаце, каб чынілі вам людзі, тое і вы чыніце ім; у гэтым закон і прарокі”. (Мф. 7:12). Такім чынам, перш за ўсе пісаныя законы і правы, прыроджаны закон ад Госпада Бога дадзены і ўвесь у адзіным вызначэнні заключаецца: “Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе” (Мф. 22:39)».
Сказанне да Кнігі Другога закона Маісеева
***
«Кожнае дрэва, што не родзіць добрага плода, высякаюць і кідаюць у агонь» (Мф. 7:19); «Бо як цела без духу мёртвае, так і вера без дзеяў мёртвая» (Іяк. 2:26).
Прадмова да Кнігі прарока Данііла
***
«Не толькі словам, але і дзеямі паказваць веру хрысціянскую: стрымліваць язык свой, беднымі не грэбаваць, быць міласцівымі; бо вера без дзей мёртвая!.. Не быць ганарлівымі, але да Бога ў змірэнні набліжацца, ад злога збягаць, на людзей не нагаворваць і не судзіць. Бог — адзіны суддзя для ўсіх» (Іяк.2:14—17,20; 4:11—12).
Сказанне да Саборнага паслання Іякава
***
«..не маючы гневу, зламоўнасці, не крыўдзячы бліжняга свайго… захавайма гэта, як да бацькоў сваіх, як да старэйшых, як да маладзейшых, так і да нямоглых, так і да інаверцаў, так і да ўсякага чалавека».
Прадмова да Кнігі Дзеянні святых апосталаў
***
«І сказаў ім Ісус: “Я — хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць — не зазнае голаду, а хто веруе ў Мяне — не зазнае смагі ніколі” (Ін. 6:35)».
Прадмова да Кнігі Зыход
Не можа быць дасканалага грамадства, дасканалай дзяржавы без дасканалага чалавека. Калі прымаем гэтую аксіёму, дык праблема перакладу скарынаўскіх твораў (на зразумелую для нашых сучаснікаў мову. — Рэд.) набывае, без перабольшання, дзяржаўнае значэнне! Бо Скарынам, як гуманістам і патрыётам, якраз і была пастаўлена найвысакароднейшая мэта — праз агульначалавечыя хрысціянскія каштоўнасці, закладзеныя ў Бібліі, — выхаванне дасканалай асобы.
Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва".
Леанід КАЧАНКА