Reply to comment

Вандруем па Пінску разам з экскурсаводам Таццянай Хвагінай

 Экскурсавод Таццяна Хвагіна (Фота: sb.by)


Што робіць вандроўку насычанай і нясумнай і як несталічнаму гораду стварыць уласнае турыстычнае аблічча – адказы на гэтыя пытанні паспяхова шукае Таццяна Хвагіна. Яна названа лепшым экскурсаводам па выніках конкурсу “Пазнай Беларусь” за 2018 год. Аўтар шматлікіх экскурсій і даведнікаў, Таццяна Хвагіна жыве ў Пінску, менавіта там яна распрацавала шэраг эксклюзіўных маршрутаў, дзякуючы яе ідэям сталіца беларускага Палесся становіцца больш пазнавальнай у свеце і прывабнай для турыстаў. Таццяна Хвагіна расказала міжнароднаму радыё “Беларусь” пра аб’екты, якія турысту абавязкова патрэбна пабачыць у Пінску.

 Па Пінску можна падарожнічаць пехатой, на веласіпедзе, машыне, аўтобусе і цеплаходзе, асобна можна вылучыць музейную вандроўку. У цёплую пару года гасцям горада раю паспрабаваць кожны з гэтых відаў адпачынку.

У старым горадзе і ў колішнім прадмесці Каралін вы пабачыце пяць галоўных архітэктурных помнікаў. Сярод іх – калегіум XVII ст., у якім зараз знаходзіцца Музей Беларускага Палесся. Калі вы будзеце ўзнімацца па прыступках у музейныя залы, дакладна адчуеце: вось тут, у гэтых сценах знакамітыя прафесары вучылі сваіх выхаванцаў, якія пазней уславілі горад. Менавіта ў будынку калегіума ў 1784 годзе прымалі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які наведаў Пінск з нагоды заканчэння будаўніцтва Мухавецкага (пазней – Каралеўскага) канала. 

Іезуіцкі калегіум у Пінску (Фота: varjag.net)

Далей – захаваны ансамбль былога кляштара францысканцаў з касцёлам Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі. Акрамя цудоўнай архітэктуры, касцёл цікавы арганам з 1498 труб і амвонам, зробленым з суцэльнага агромністага пня ліпы. Унутры можна ўбачыць як ступае па аблоках непадобная ні на якую іншую Пінская Мадонна, створаная жывапісцам Альфрэдам Ромерам.  У крыпце пахаваны першы ў гісторыі сучаснай Беларусі кардынал Казімір Свёнтак, ён больш за паўстагоддзя быў пробашчам гэтага касцёла. Сёння ў пабудовах былога кляштара дзейнічае Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Фамы Аквінскага.

Касцёл Унебаўзяцца Прасвятой Дзевы Марыі (Фота: varjag.net)

З захаваных гістарычных будынкаў вылучаецца Палац Бутрымовіча –пінскага падстарасты, ініцыятара будаўніцтва дарог і каналаў на Палессі ў XVIII ст. Цікава, што гэты выбітны чалавек з’яўляецца дзедам знакамітага мастака і кампазітара Напалеона Орды, які неаданаразова прыязджаў у Пінск і ў палацы працаваў над сваімі малюнкамі.

Палац Бутрымовіча ў Пінску (Фота: varjag.net)

Ідзём далей, каб пабачыць Свята-Варварынскі храм, былы касцёл бернардзінцаў, помнік бязвежавага барока. Яго гісторыя  цесна звязана з пінскім старастам, гетманам Міхалам Сервацыем Вішнявецкім. Тут захоўваецца старадаўняя ікона – Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская. У гэтым храме вянчаўся класік беларускай літаратуры Якуб Колас.

Свята-Варварынскі кафедральны сабор у Пінску (Фота: palomnik-tur.by)

Яшчэ адзін вельмі цікавы помнік барока ў Пінску – былы касцёл камуністаў. Гаворка не пра распаўсюджаную ў ХХ стагоддзі ідэалогію, а пра ксяндзоў-камуністаў, якія сціпла жылі камунай, не мелі ўласнай маёмасці і актыўна займаліся выхаваннем моладзі. Зараз у гэтым архітэктурным збудаванні – канцэртная зала.    

Былы касцёл Карла Барамея – сёння канцэртная зала з арганам (Фота: sputnik.by)

Я згадала пра галоўныя помнікі ў горадзе. Аднак у Пінску вы знойдзеце і мадэрн, і эклектыку, трохі класіцызму, канструктывізм. Таму прагулка па пінскіх вуліцах і вулачках – гэта своеасаблівы шлях па этапах беларускай архітэктуры ад барока да сучаснасці. 

Reply

 
在互联网上的程序
广播频率
 

FM发射器和频率:

布列斯特106.2兆赫

格罗德诺:95.7兆赫

斯维斯洛奇:104.4兆赫

杰拉纽讷:99.9兆赫

布拉斯拉夫:106.6兆赫

米亚德利:102.0兆赫



征文活动