Праект дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў поўным аб'ёме будзе ўзгоднены і падрыхтаваны да 1 мая, - паведамляе прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Дакумент можа быць падпісаны прэзідэнтамі Беларусі, Казахстана і Расіі ў канцы мая ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Дагавор створыць умовы для стабільнага развіцця эканомікі, свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы без якіх-небудзь выключэнняў і абмежаванняў. Краіны будуць ажыццяўляць узгодненую, скаардынаваную, дзе гэта неабходна, адзіную палітыку ў пэўных сферах: у макраэканоміцы, фінансавым сектары, прамысловасці, рэгуляванні дзеянняў суб'ектаў натуральных манаполій, ахове і абароне інтэлектуальнай уласнасці. Зараз праводзіцца работа па кадыфікацыі ўсёй адпаведнай нарматыўна-прававой базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.