Прыярытэтамі для Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца космас, электроніка, высокія, інфармацыйныя і нанатэхналогіі. Пра гэта заявіў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота ў Маскве на нарадзе па супрацоўніцтве ў сферах бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, абароны, абаронна-прамысловага і ваенна-тэхнічнага комплексаў. Грыгорый Рапота адзначыў, што летась было выканана дзевяць праграм і пяць мерапрыемстваў толькі ў сферы бяспекі і абароны. У 2014 годзе па лініі абароны і бяспекі намечана таксама рэалізаваць дзевяць праграм і чатыры мерапрыемствы з агульным аб'ёмам фінансавання 2 млрд 870 млн расійскіх рублёў. Па словах дзяржсакратара, гэтыя праграмы датычацца сур'ёзных даследаванняў у галіне космасу, наземнага маніторынгу, ваенных тэхналогій, кожная праграма задзейнічае некалькі навукова-даследчых інстытутаў. Усе праграмы накіраваны на атрыманне канчатковага прадукту і давядзенне яго да стадыі серыйных распрацовак.