Нацыянальны банк Беларусі ў красавіку чакае місію Міжнароднага валютнага фонду. Пра гэта паведаміла кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова. Па яе словах, гэта звычайны постманіторынг, аднак пры гэтым будзе ісці размова і аб новай праграме з МВФ. Разам з тым, хутчэй за ўсё, прымаючы да ўвагі палітычны падтэкст сітуацыі, новая праграма з МВФ у бліжэйшыя год-два пачата не будзе, лічыць кіраўнік Нацбанка. Падчас апошняга прыезду прадстаўнікі МВФ адзначылі поспехі Беларусі па шэрагу пазіцый, але рашэнне прымае савет дырэктараў, дзе пераважаюць палітычныя матывы, - адзначыла Надзея Ермакова. Пры гэтым кіраўнік Нацбанка дадала, што эканоміка Беларусі можа эфектыўна функцыянаваць і без крэдыту МВФ.