Міністэрства фінансаў і кітайская карпарацыя «СІЦІК Груп» ствараюць інвестыцыйны фонд, 60% акцый якога будуць належаць беларускаму боку, а 40% - кітайскаму. Гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу Беларусь 1 расказаў генеральны дырэктар дэпартамента Усходняй Еўропы і СНД кампаніі "Citic Construction" Ян Цзяньцян. Механізм работы фонду будзе зразумелы пасля візіту прэзідэнта Беларусі ў Кітай у верасні гэтага года. Па словах гендырэктара, першая сума для стварэння фонду складае 50 млн долараў. Краіны маюць намер павялічваць аб'ёмы фінансавання фонду. Ён нагадаў, што ў бліжэйшых планах кампаніі будаўніцтва завода «Амкадор-Маш». Таксама абмяркоўваецца магчымасць па стварэнні вытворчасці трактароў і шэраг праектаў у нафтахімічнай прамысловасці.