З перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку напярэдадні павіншаваў кіраўнік Украіны Пётр Парашэнка. Лідэры дзвюх дзяржаў дамовіліся падтрымліваць кантакты па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць, - адзначае прэс-служба беларускага лідэра. Ва Украіне ўважліва сачылі і за падрыхтоўкай да выбараў у Беларусі, і за ходам галасавання. Палітыкі і палітолагі зараз актыўна каментуюць выбар беларускага народа. Ва ўкраінскай інфармацыйнай прасторы слова «Мінск» цяпер гучыць часцей, чым калі-небудзь. Для ўкраінцаў гэта не проста геаграфічная назва. З Мінскам звязваюць надзеі на тое, што канфлікт на Данбасе ўдасца вырашыць. Пагадненні, падпісаныя ў Беларусі, сталі галоўным дакументам па ўрэгуляванні канфлікту.