“…нядаўна я навучылася пісаць. Гэты ліст я пішу абрубкам правай рукі, якая адрэзана вышэй за локаць. Мне зрабілі пратэзы і, можа быць, я навучуся хадзіць”, - гэтыя словы выводзіла 23-гадовая Зінаіда. Дагэтуль далікатная дзяўчына вынесла з поля бою 128 параненых. Званне Героя Савецкага Саюза давалі за 80. Хадзіць яна навучылася. Навучылася і жыць без рук і ног.
На бартах танкаў і самалётаў з’яўляліся надпісы “За Зіну Тусналобаву”. Гісторыя гэтай медсястры глыбока закранула і працягвае хваляваць кожнага, хто даведваецца пра яе лёс. Герой Савецкага Саюза, трэцяя савецкая медыцынская сястра, удастоеная медаля Флорэнс Найтынгейл, маці дваіх дзяцей Зінаіда Тусналобава-Марчанка працавала дыктарам на радыё, сама займалася хатняй гаспадаркай, навучылася шыць і…заставалася аптымісткай.
У “Сузор’і Герояў зямлі беларускай” ззяе і яе зорка. Менавіта гэтая ўнікальная кніга была падрыхтавана выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”. Кніга змяшчае інфармацыю пра герояў нашай краіны, іх лёс і біяграфіі, фотаздымкі і архіўныя матэрыялы. Аўтары выдання гісторыкі Барыс Даўгатовіч і Аляксандр Каваленя.
У Полацку працуе мемарыяльны музей-кватэра Зінаіды-Тусналобавай Марчанка. Там знаходзяцца рэчы, якія робяць трагічную гісторыю гэтай жанчыны ўспрымальнай , а таксама дапаўняюць яе партрэт асабістымі рысамі…
У лютым 1943 года адбыўся бой на станцыі Гаршэчная, падчас якога быў паранены камандзір роты М. Цімашэнка. Зінаіда паспрабавала яму дапамагчы, але была паранена сама. Не спынілася. Папаўзла далей да ўжо мертвага камандзіра. Страціла прытомнасць. Калі зноў расплюшчыла вочы, ўбачыла нямецкіх салдат, паспрабавала прыкінуцца мертвай. Але не атрымалася, жанчыну вырашылі дабіць ударамі прыкладаў. Калі Зінаіду знайшлі, яе, пачарнелую, прыйшлося літаральны “выразаць” з лёду, бо акрываўленае адзенне ўмерзла ў снег. Пачалася гангрэна. Каб захаваць жыцце, Зінаідзе ампутавалі рукі і ногі.

Доўгія часы і хвіліны болю, фізічнага і душэўнага… Зінаіда дасылае ліст да свайго каханага Іосіфа, дзе расказвае пра трагедыю і “адпускае” яго: “Забудзь мяне. Бывай”.
Не забыў. Як і абяцаў, пасля вайны сыгралі вяселле, спраўдзіліся напісаныя ім да Зіны радкі “толькі б дачакацца перамогі, толькі б вярнуцца дадому, да цябе, мая каханая, і будзем мы жыць шчасліва”. Сапраўды, жылі яны шчасліва, пра што пісала і сама Герой Савецкага Саюза (званне атрымала ў 1957 годзе): “Шчасце для жанчыны – мець добрую сям’ю, дзяцей. У гэтым сэнсе я – шчаслівы чалавек!”.
Здаецца, нейкая ўнутраная сіла рабіла яе падобнай да таго бюста з бронзы, які стаіць каля мемарыяльнага музея-кватэры ў Полацку. Але ці можа чалавек з металу пісаць такія цёплыя, шчырыя лісты да мужа ці да хірурга, які ратаваў яе жыццё, да сяброў? “Я не выйшла з жыццёвай каляіны, і гэта самае галоўнае. Праўда, у мяне было шмат добрых сяброў і самы вялікі сябар з іх – мой муж”.
У гонар Зінаіды Тусналобавай-Марчанка названы вуліцы ў Полацку і Ленінску-Кузнецкім, а таксама Полацкі медыцынскі каледж, выпушчаны прысвечаны ёй паштовы канверт.

Аўтар: Вераніка Барысёнак
FM-transmisores y frecuencias:
Rakitnitsa - 106.2 МHz
Grodno - 95.7 МHz
Svisloch - 104.4 МHz
Gueraneny - 99.9 МHz
Braslav - 107.7 МHz
Myadel - 102.0 МHz
Radiodifusión por satélite:
ver parámetros de recepción aquí