Адносіны Беларусі з асобнымі краінамі ЕС не павінны разглядацца праз прызму Бруселя або Страсбурга. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання Міхаіл Мясніковіч.
Спікер выказаў шкадаванне накошт таго, што ў адносінах з Беларуссю шмат увагі з боку еўрапейскіх партнёраў удзяляецца рабоце праз сістэму розных дакладчыкаў, спецдакладчыкаў, Еўрапарламента, Еўракамісіі і г.д. "Мы некалькі ўпускаем момант работы ў рамках двухбаковых адносін. Безумоўна, Еўропа аб'яднана агульнымі інтарэсамі, але гэта зусім не азначае, што, дапусцім, германа-беларускія парламенцкія адносіны павінны разглядацца праз прызму Бруселя або Страсбурга. Мы дастаткова цікавыя адзін аднаму і можам працаваць на двухбаковай аснове больш прадукцыйна", - упэўнены Міхаіл Мясніковіч.
Паводле яго слоў, адпаведны вывад ён зрабіў, сустракаючыся на сваёй пасадзе з парламентарыямі Германіі, Польшчы, Францыі і іншых краін. "У нас няма ніякіх сур'ёзных рознагалоссяў або поглядаў на тыя ці іншыя праблемы, работа на еўрапейскім вектары можа быць даволі паспяховай", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.