Больш як 100 твораў рускага жывапісу XIX-XX стагоддзяў прадстаўлена на выставе са збору расійскага калекцыянера Аляксандра Валадчынскага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Можна ўбачыць работы такіх майстроў, як Васіль Пяроў, Іван Айвазоўскі, Ілья Рэпін, Ісаак Левітан, Віктар Васняцоў і іншыя. Ёсць аўтарскія варыянты знакамітых твораў, у тым ліку "Бярозавы гай" Архіпа Куінджы, "Міраж у стэпе" Паўла Кузняцова, "У акне" Барыса Кустодзіева. У калекцыі таксама творы жывапісцаў, якія належалі да аб'яднання "Блакітная ружа", удзельнікаў таварыства мастакоў "Бубновы валет".
Значнае месца займаюць у калекцыі Валадчынскага творы майстроў, так ці інакш звязаных з роднай для яго Беларуссю, дзе нарадзіліся Апалінарый Гараўскі і Рыгор Баброўскі, Вітольд Бялыніцкі-Біруля і Станіслаў Жукоўскі.